Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 134 —

Аб чым з сабой тады ўдваёчку
Снавалі думкі, сеўшы ў рад,—
Пытаць аб гэтым трэба ночку
І за вакном вішнёвы сад.

Жылі… Дзянькі за днямі гналі
Так ад вясны і да вясны,
Пасьля і самі не спазналі,
Як палюбіліся яны.

V.

Каханьне лёгкая прынада
Даля сэрцаў чуткіх, маладых,
Хоцьбы гнязьдзілася ў ім здрада,
Хоць гэта-б яду быў кяліх.

Усе мы п’ём яго з дурноты,
Жывём ні явай і ні сном.
А прападзе к яму ахвота,—
Тады—па часе ўжо—плюём.

На гэту вудачку каханьня
Папаў Машэка, як ня свой;
Ані спакою, ні прыстаньня
Ня меў ён з гэтаю бядой.

Сябе сам кінуў у няволю
Дзявочых ласк і пустаты;
Пацех меў шмат, цярпеньня болей,
То весел быў, то—як струты…

Дзяўчына… ведама, дзяўчына—
Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць;
Любіла-ж, пэўна, хоць часінай,—
У лес па гэта не хадзіць

Машэка гэтакі асілак,
Што рваў дзярэўе з каранём,
Ў руках яе стаў, як апілак:
Яго забрала хараством.