Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маей,
Што сярод бледных будніх дзён
Я сьвята меў, глядзеў сьвятлей.
Быў гэта толькі сумны сон,
Што у вачох яе скрозь сьмех
Чытаў сьвяты сабе закон
Каханьня шчырага і ўцех.
Быў гэта толькі сумны сон,
Што вось інакшая яна,
І пойме болю майго стогн,
Зірне ў душу маю да дна.
Быў гэта толькі сумны сон,
Што разьвяду я з ёй бяду,
Што пад яе напеваў звон
Лягчэй к магіле дабрыду.
Ўсё для мяне быў гэта сон;
Хтось іншы яву меў ў жыцьці,—
Ён ёй і мне стварыў прытон,
А сам зыйшоў, каб… ня прыйсьці!
|