На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся—
Куды ісьці, ня ведала яна,
І я ня ведаў—ў полі я ці ў лесе,
І мне ляжала сьцежка не адна.
Як путнікі заблуканыя ўночы,
Стаялі мы пад труднай ношкай дум;
Адно другому пазіралі ў вочы
І слухам клікалі найменшы шум.
Стаялі мы. Нявіданыя дзівы
Нас абымалі крыльлямі сваймі,
Шапталі мне: вазьмі яе, шчасьлівы!
Шапталі ей: сабе яго вазьмі!
І рукі злучывалі нам навекі,
Багаслаўленьне далі нам сваё
Ісьці у сьвет праз горы, долы, рэкі,
Ісьці супольна праз усё жыцьцё,
Вясельны гымн, як плачкі, нам запелі
І заракалі крыльлямі зарок—
Над ёй, заручанай, у шлюбнай белі,
І нада мной, ахутаным у мрок.
А каб вас злыя не змаглі заломы!
А каб ня зналі душы вашы ран!
А каб вас не кранулі буры, громы!
А каб к сабе ня звабіў вас курган!
Такія клалі дзівы нам зарокі
Мядовых асалод, квятчаных крас,
І расплыліся, як сон ветру лёгкі,
Нас кінуўшы ў благі ці ў добры час,
І мы пашлі, як тыя цені-мары,
Няспынна ад расы і да расы;
Запаланелі нам бліскучыя пажары,
Закуранелі чорныя лясы.
|