Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 104 —

Гармонію ўводзілі ў песельным складу,
Сачылі нязгоднай зваротак ігры.

Зялёнае поле рунеючым збожжам,
Цьвітучая ў сонечны цьвет сенажаць
Мне песьню квяцілі узорам прыгожым.
Вучылі, як словы ў вянок завіваць,

Ад шопату сьпелых пшанічных калосьсяў,
Ад шэлесту лісьцяў узьмежных ігруш
Музычнае водгульле ў песьню лілося,
Зьлівалася з жальбамі скрыўджаных душ.

Шум бору адвечнага, казкавым сказам
Нашэптываў смутную повесьць жыцьця
І песьню ў шум-гоман захопліваў разам,
Заснуўшыя думы будзіў з нябыцьця.

А сонца, скрозь сеючы іскры па сьвеце,
Мне песьню іскрыла нябесным сьвятлом,
А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,
Даў волю і крыльле лунаці арлом.

Каса і сякера, і цэп малацьбітны
Магутную волатаў сілу далі:
Марозы і сьпекі далі гарт нязбытны—
Мне песьню, як звон, як пярун адлілі.

Так іншай ня знаўшы навукі і школы,
Ў пацёмках шукаў і знайшоў божы дар;
Цяпер маймі скарбамі—думы-саколы,
Цяпер беларускай я песьні ўладар.

1919 г.

|}