Перайсці да зместу

Старонка:Соцыяльна-палітычныя погляды Кастуся Каліноўскага (Лушчыцкі).pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

па яго ведамству. На гэтай заяве рукою Назімава напісана: «Об'явить о неимении вакансий».

З гэтага можна ўпаўне заключыць, што адразу ж пасля падпісання маніфеста 19 лютага 1861 года, Каліноўскі звяртаецца ў Беларусь. Гэта быў перыяд абвостранай класавай барацьбы ў сувязі з правядзеннем рэформы 1861 года. У 1861-1862 г. у Беларусі Каліноўскі праводзіць энергічную агітацыйную, літаратурную арганізацыйную работу па падрыхтоўцы паўстання 1863 года.

Каліноўскі да 17-гадовага ўзросту жыў у беларускай вёсцы; з ёй ніколі не парываў сувязі ў гады вучобы ў Маскве і Пецербургу. Жыццё сярод сялян дало яму магчымасць вывучыць беларускую мову, быт беларускага селяніна і рана пазнаць патрэбу, гора і бяспраўе прыгоннага селяніна. Гэтыя абставіны наклалі свой адбітак на фармаванне ідэалогіі маладога і ўражлівага Каліноўскага. Гэтым у вялікай меры тлумачыцца тое, што характэрнай рысай дзейнасці Каліноўскага з'яўлялася сувязь з працоўным народам, асабліва сялянствам, веданне яго жыцця, думак і надзей.

Кастусь Каліноўскі і Валер'ян Врублеускі-актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года ў Беларусі, а затым генерал Парыжскай Комуны-задоўга да паўстання ўтвараюць у горадзе Гродна і Гродненскай губерні рэволюцыйную арганізацыю.

Іменна ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення паўстання 1863 года канчаткова фармуюцца соцыяльна-палітычныя погляды Каліноўскага. Пераконаны ў тым, што поспех паўстання будзе залежыць ад ступені ўдзелу сялян, Каліноўскі, пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, пад клічкай Васіля Світкі доўга падарожнічае па вёсках Беларусі. Ён прапагандуе ідэю грамадзянскай свабоды, ідэю барацьбы з памешчыкамі і рускім самадзяржаўем. Ён прапагандуе ідэю, што будучае паўстанне павінна быць чыста сялянскім. Каліноўскі заклікае сялян да «сякеры», г. зн. да узброенага паўстання, заклікае сілай адабраць у памешчыкаў зямлю і перадаць яе сялянам без усякіх выкупаў.

Летам 1862 года ў Беластоку арганізуецца нелегальная друкарня. Каліноўскі разам з сваімі сябрамі наладжвае выпуск першай у Беларусі нелегальнай газеты «Мужыцкая праўда», якая выдавалася на беларускай мове лацініцай. Ён быў рэдактарам і аўтарам першых нумароў «Мужыцкай праўды». Вядомыя да гэтага часу сем нумароў гэтай газеты падпісваюцца псеўданімам Каліноўскага «Яська, гаспадар з-пад Вільны».

У чэрвені 1862 года ў Вільна пад назвай Літоўскага правінцыяльнага камітэта арганізуецца Літоўска-Беларускі камітэт па падрыхтоўцы паўстання 1863 г. У склад камітэта ўваходзілі прадстаўнікі розных соцыяльных груп і розных ідэйных напрамкаў. Унутры камітэта ішла барацьба паміж дэмакратычнай партыяй «чырвоных» і буйнапамешчыцкай партыяй «белых». Партыя «белых» галоўнай задачай лічыла аднаўленне незалежнай Польшчы ў межах 1772 года. Шлях да гэтага яна бачыла ва ўмяшанні замежных дзяржаў, якія пад уплывам паўстання прымусяць царскую Расію пайсці на задавальненне гэтага патрабавання. У гэтых мэтах яны імкнуліся выкарыстаць узброенае паўстанне, але яны, як чорт ладана, баяліся масавага сялянскага паўстання.

Дэмакратычная партыя «чырвоных» галоўнай задачай ставіла барацьбу з памешчыкамі і самадзяржаўем, звяржэнне гэтага грамадскага ладу як крайне несправядлівага, устанаўленне новага грамадскапалітычнага ладу з яго мужыцкай праўдай. Партыя «чырвоных» лічыла, што адзіным шляхам да гэтага з'яўляецца ўзброенае паўстанне народа.

Дзякуючы намаганням Каліноўскага і яго прыхільнікаў, партыя «белых» у Віленскім камітэце пацярпела паражэнне. Перамагла дэмакратычная партыя «чырвоных». Ужо ў жніўні 1862 года камітэт абнаўляецца, а яго дзейнасць прымае рэволюцыйна-дэмакратычны напрамак. У ходзе падрыхтоўкі і правядзення паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве Каліноўскі ўзначальвае дэмакратычную партыю, кіруе яе рэволюцыйна-дэмакратычным крылом і барацьбой з партыяй «белых».

Трэба адзначыць, што Каліноўскі ўвесь час трымае цесную сувязь з рускімі рэволюцыйнымі арганізацыямі ў Пецербургу, у прыватнасці з «Зямлёй і Воляй», якая арганізавалася ў 1862 годзе пры ідэйным удзеле Н. Г. Чэрнышэўскага.

Цесная сувязь Каліноўскага з «Зямлёй і Воляй» устаноўлена дакументальна. Капітан Гогель, былы следчы Віленскай следчай камісіі, пісаў: «У час прабывання майго ў Вільні Малахоўскі (Уладыслаў) пісаў з Пецербурга Каліноўскаму, што пазнаёміўся з рускімі рэволюцыянерамі (г. зн. з Камітэтам «Зямля і Воля». - І. Л.) і што на самой справе яны слабы, і што ён раіць Віленскаму камітэту дапамагаць ім для карысці рэвалюцыі, і прасіў іменна прыслаць ім адну ручную друкарню і даць на выдаткі як пазыку 500 рублёў срэбрам. Каліноўскі грошай не паслаў, але загадаў накіраваць па ўказанаму Малахоўскім адрасу друкарню...[1]

Сувязь Малахоўскага з арганізацыяй «Зямля і Воля» пацвярджаецца і вядомым землевольцам Л. Ф. Панцелеевым. «Яшчэ летам (1863 года.-І. Л.) прыязджаў з Вільны Малахоўскі, - піша Панцелееў,-і хаця гаварыў, што паўстанне ўсё больш і больш разгараецца, тым не менш упрашваў аб якой-небудзь дыверсіі. Але

  1. Е. В. Гогель. Иософат Огрызко Петербургский революционный ржонд в деле последнего мятежа. Вильно, 1866 г., стр. 69.