Перайсці да зместу

Старонка:Соцыяльна-палітычныя погляды Кастуся Каліноўскага (Лушчыцкі).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аднак, жандармскія «гісторыкі» пры ўсіх іх імкненнях не змаглі затушаваць таго, што ў паўстанні 1863 года ў Літве і Беларусі былі два напрамкі: рэволюцыйна-дэмакратычны, які ўзначальваўся Каліноўскім, і польска-памешчыцкі, з якім змагаліся беларускія рэволюцыйныя дэмакраты на чале з Каліноўскім.

Беларускія буржуазныя нацыяналісты, фальсіфікуючы гісторыю, паказваюць Каліноўскага ў ролі першага беларускага нацыяналістычнага дзеяча, зачынальніка беларускага народніцка-эсэраўскага нацыяналізма. Адмаўляючы класавую дыферэнцыяцыю і класавую барацьбу ўнутры беларускага насельніцтва, буржуазныя беларускія нацыяналісты фальсіфікавалі гістарычныя факты і асвятленне ідэалогіі Каліноўскага.

Вялікадзяржаўныя шавіністы, польскія беларускія буржуазныя нацыяналісты ўсімі сродкамі абмана і фальсіфікацыі гістарычных фактаў імкнуліся адарваць Каліноўскага ад рускага рэволюцыйна-дэмакратычнага руху, замазаць рэволюцыйна-дэмакратычны змест руху, якім ён кіраваў, усякім чынам падкрэсліваючы і выстаўляючы на першы план нацыянальны момант барацьбы. Падобная фальсіфікацыя гісторыі рабілася для таго, каб скарыстаць вобраз Каліноўскага ў буржуазна-нацыяналістычных мэтах.

Адпор гэтым варожым нападкам на рэволюцыйна-дэмакратычны рух у Беларусі і Літве, які ўзначальваўся Каліноўскім, быў дадзены перш за ўсё класікамі марксізма-ленінізма, а таксама вялікімі рускімі рэволюцыянерамі-дэмакратамі.

Вядома, што Ф. Энгельс у пісьме да К. Маркса ад 8 красавіка 1863 года пісаў:

«Літоўскі рух (маецца на ўвазе паўстанне ў Беларусі Літве.-І. Л.) - зараз самы важны, таму што ён 1) выходзіць за межы кангрэсавай Польшчы і 2) у ім прымаюць вялікі ўдзел сяляне, а бліжэй да Курляндыі ён набывае проста аграрны характар»[1].

В. І. Ленін таксама высока ацаніў паўстанне 1863 года, лічачы, што яно «... набывала гіганцкае, першаступеннае значэнне з пункту погляду дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай»[2].

Яшчэ большае значэнне для агульна-дэмакратычнай барацьбы мела паўстанне ў Літве і Беларусі, якое прыняло ў 1863 г. масавы антысамадзяржаўны і антыпрыгонніцкі характар.

Вядома, што В. І. Ленін станоўча ацэньваў пазіцыю Н. Г. Чэрнышэўскага ў паўстанні 1863 г., які, падобна Марксу, умеў ацаніць значэнне паўстання 1863 г. для усерасійскай дэмакратыі.

З глыбокай цеплынёй піша Ленін аб пазіцыі Герцена, які выступаў у абарону паўстання 1863 г., супроць катаў Александра II, гэтым самым Герцэн выратаваў гонар рускай дэмакратыі.

Ленінская ацэнка пазіцый А. І. Герцэна і Н. Г. Чэрнышэўскага ў паўстанні 1863 года з'яўляецца метадалагічнай асновай для агульнай ацэнкі паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве і ацэнкі асобы кіраўніка гэтага паўстання — Каліноўскага.

Гэта тым больш правільна яшчэ і таму, што адносіны Каліноўскага да польскага паўстання сугучны з пазіцыяй А. І. Герцэна і Н. Г. Чэрнышэўскага. Каліноўскі неаднаразова заяўляе, што «... Польская справа (гутарка ідзе аб паўстанні 1863 года ў Польшчы.-І. Л.) -гэта нашая справа, гэта вольнасці справа» (з пісьма Каліноўскага перад смерцю).

Высокая ацэнка паўстання 1863 года ў Літве і Беларусі класікамі марксізма-ленінізма, а таксама вялікімі рускімі рэволюцыянерамі-дэмакратамі — гэта ёсць па сутнасці і ацэнка дзейнасці Каліноўскага як рэволюцыйнага дэмакратычнага дзеяча. Яна адпавядае думкам і надзеям беларускага народа, які захаваў у паэзіі, песнях і легендах светлы вобраз Каліноўскага і яго саратнікаў па барацьбе.

За што мы цэнім Каліноўскага?

Не за яго слабыя бакі і абмежаванасць. Мы цэнім Каліноўскага — мужнага і моцнага воляй рэволюцыянера, барацьбіта за свабоду народа, палымянага патрыёта сваёй радзімы за яго рэволюцыйна-дэмакратычныя погляды і дзейнасць, за сумленнае служэнне працоўнаму народу, за шчырую веру у народ і самаадданую барацьбу з памешчыкамі, самадзяржаўем і прыгонніцтвам у Расіі.

  1. К. Маркс і Ф. Энгельс, творы, т. ХХІІІ,
  2. В. І. Ленін, творы, т. ХVII, выд. 3, стар. 457. стар. 142.