Старонка:Сонечнымі сьцежкамі (1925).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КОМСАМОЛКА.

Заклубіліся над рэчкаю асіны —
кацяць цені у зялёную ваду…
Паглядзі, матуля, вечар які сіні —
а ўсё роўна на вячоркі не пайду.

Шэфы з гораду прывезьлі падарункі —
для ячэйкі шмат прывезьлі кніг…
А портрэты… А плякаты і малюнкі…
Зроду ты ня бачыла такіх.

Хай дзяўчаты хоць да раніцы гуляюць, —
нам даклад сягоньня робіць агроном.
Скажа, як палепшыць ўраджаі,
Як змагацца з сушай і дажджом.

А па сходзе сабяромся дружным хорам.
Песьню буйную нікому ня спыніць,
Ах, як пальцы лёгка ходзяць у Ягора,
і тальлянка як Ягорава зьвініць.

Заклубіліся над рэчкаю асіны,
цені кацяцца ў зялёную ваду.
Закачаўся вечар ціхі, сіні.
Я, матуля, на вячоркі не пайду.