Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
УВОДЗІНЫ.

Соцыяльны заказ, які даецца мэдыцыне наогул і хірургіі ў прыватнасьці, заключаецца ў аднаўленьні працаздольнасьці таго члена соцыяльнага організма, які ее страціў, — аднаўленьня магчыма больш поўным і магчыма больш хуткім. Найвышэйшай формай страты працаздольнасьці зьяўляецца — у соцыяльным разрэзе — сьмерць. Змаганьне з ёю, такім чынам, уключана ў той соцыяльны заказ, аб якім гаварылася вышэй.

Хірургічныя захворваньні маюць ў соцыяльным аспэкце яшчэ і асаблівае значэньне. Яны ў вялікай сваёй масе паражаюць самы працаздольны ўзрост і таму заслугоўваюць пільнай соцыяльнай увагі; з другога боку — яны ў значнай меры маюць экзогеннае паходжаньне і з прычыны гэтага іх хутчэй можна ўнікнуць, чым раду хвароб, што зьяўляюцца вынікам зношваньня організма.

Імкнучыся не да «эфэктаў», а да соцыяльнай «эфэктыўнасьці» — хірургія сучаснага пэрыоду павінна задаць сабе пытаньне — якімі зьяўляюцца шляхі гэтай найбольшай эфэктыўнасьці і, — у прыватнасьці, — у чым павінен заключацца плян змаганьня з хірургічнай сьмяротнасьцю на бліжэйшы пэрыод.

У сваёй рабоце я імкнуся высьветліць сьмяротнасьць пры хірургічных захворваньнях у бягучы час; ці зьмяншаецца яна, і калі зьмяншаецца, дык па якіх шляхох ідзе гэта зьмяншэньне; што за кірункі, па якіх павінны далей пайсьці нашы мерапрыемствы, каб дамагчыся далейшага зьмяншэньня сьмяротнасьці пры хірургічных захворваньнях.

Вывучэньне гэтага пытаньня дазваляе мне адказаць з усёй пэўнасьцю, што ў бліжэйшы пэрыод хірургічная сьмяротнасьць можа быць зьніжана пераважна шляхам мерапрыемстваў соцыяльнага парадаку. Навуковыя проблемы — змаганьня з шокам, з унутранымі крывяцячэньнямі, з сэпсісам, інтоксыкацыямі, злаякаснымі пухлінамі — павінны і будуць распрацоўвацца: у свой час яны прывядуць да рашучых перамог над хваробамі.

Але ўжо цяпер, зараз-жа — можна было-б зьнізіць сьмяротнасьць пры хірургічных захворваньнях процантаў на 50 (гаворачы, зразумела, прыблізна), калі-б, пры сучасным стане нашых навуко-