— „Дастаць яго?! ды хоць цяперка!“
„Паслухай!“ кажа тут Дзям‘ян,
„Вось гэтая браток паперка —
„Дык гэта-ж скарбу таго плян!!
„Вось бачыш — гэта лес пры вёсцы,
„А тут вось — цень таўсты стаіць
„Ад пня, па гэтай вось дарожцы,
„Сто крокаў трэба адлічыць.
„Там будзе роў, багністы братка,
„А каб яго нам перайсьці,
„Трэ‘ у бок зьвярнуць крыху на кладку,
„Ад сьцежкі крокаў сто прайсьці.
„За ровам-жа, праз крокаў трыста,
„Вялізны камень мусіць быць,
„Круглавы, абтачоны чыста,
„Пад камнем гэтым скарб ляжыць!“.
— „Ага!“ — Пракоп тут адазваўся,
„Ну, а скажы ты мне Дзям‘ян,
„Якім-жа спосабам папаўся
„Табе у рукі гэты план?“
— „Аб гэтым братка не пытайся,
„Хутчэй гарэлку дапівай,
„Ды, калі пойдзеш, дык зьбірайся,
„А як ня пойдзеш, то прашчай!“
— „Чаго табе так гарачыцца?!“
Пракоп з абідай загукаў,
„Зусім няма чаму дзівіцца,
„Што я аб пляне запытаў“…
— „Ды не! але к чаму пытацца,
„Што? скуль? ды як? — гукнуў Дзям‘ян,
„Зусім няма чаго баяцца…
„Што-ж тут табе? якісь абман?!“
|