аддаваць перавагу задаваленню сваёй самалюбасці перад жаданнем быць і жыць у праўдзе...
— О то-ж так! — усклікнуў Пігасаў: самалюбасць — гэта і я разумею, і вы, спадзяюся, разумееце, і кожны разумее: а ісціна — што-ж такое ісціна? Дзе яна, гэтая ісціна?
— Вы паўтараецеся, папярэджваю вас, — заўважыла Дар'я Міхайлаўна.
Пігасаў узняў плечы.
— Так што-ж за бяда? Я пытаюся: дзе ісціна? Нават філосафы не ведаюць, што яна такое. Кант кажа: вось яна што, а Гегель — не, брэшаш, яна вось што.
— А вы ведаеце, што гаворыць пра яе Гегель, — спытаў, не ўзвышаючы голаса, Рудзін.
— Я паўтараю, — не пераставаў распаліўшыся Пігасаў: — што я не магу зразумець, што такое ісціна. Па-мойму, яе зусім і няма на свеце, гэта значыць, слова толькі ёсць, а самай рэчы няма.
— Фі! фі! — усклікнула Дар'я Міхайлаўна: — як вам не сорамна гэта гаварыць, стары вы грэхаводнік! Ісціны няма? Дзеля чаго-ж жыць пасля гэтага на свеце?
— Ды ўжо-ж я думаю, Дар'я Міхайлаўна, — адказаў са злосцю Пігасаў: — што вам у кожным выпадку лягчэй было-б жыць без ісціны, чым без вашага кухара Сцяпана, які такі майстар варыць бульены! І навошта здалася вам ісціна, скажыце на міласць? З яе-ж і чэпчыка сшыць не можна!
— Жарты не супярэчанне, — заўважыла Дар'я Міхайлаўна: — асабліва калі яны збіваюцца на ману.
— Не ведаю, як ісціна, а праўда відаць, вочы коле, — прамармытаў Пігасаў і са злосцю адышоў у бок.
А Рудзін загаварыў аб самалюбасці, і вельмі слушна загаварыў. Ён даводзіў, што чалавек