адсюль у Одэсу; кажуць, нехта яго туды зманіў; там ён і сканаў.
— Вы не ведаеце, — музыкі пасля яго не засталося?
— Не ведаю; наўрад.
Усе змоўклі і пераглянуліся. Воблачка смутку наляцела на ўсе маладыя абліччы.
— А Матроска жывы, — загаварыла раптам Леначка.
— І Гедэонаўскі жывы, — дадаў яе брат.
Пры прозвішчы Гедэонаўскага адразу выбухнуў дружны рогат.
— Так, ён жыў і хлусіць па-старому, — прадоўжваў сын Мар‘і Дзімітраўны: — і, уявіце, вось гэтая непаседа (ён паказаў на інстытутку, сястру сваёй жонкі) учора яму перцу ў табакерку насыпала.
— Як ён чхаў! — усклікнула Леначка — і зноў зазвінеў нястрыманы смех.
— Мы пра Лізу нядаўна мелі весткі, — праказаў малады Каліцін, — і зноў вакол усё сціхла: — ёй добра, здароўе яе цяпер папраўляецца па-крыху.
— Яна ўсё ў тым-жа манастыры? — спытаў не без натугі Лаўрэцкі.
— Усё ў тым жа.
— Яна да вас піша?
— Не, ніколі; да нас праз людзей весткі даходзяць. — Наступіла раптоўнае, глыбокае маўчанне; вось, „ціхі анёл праляцеў“, падумалі ўсе.
— Ці не хочаце вы ў сад? — звярнуўся Каліцін да Лаўрэцкага: — ён вельмі прыгожы цяпер, хоць мы яго і запусцілі крыху.
Лаўрэцкі вышаў у сад, і першае, што кінулася яму ў вочы, — была тая самая лавачка, на якой ён некалі правёў з Лізай некалькі шчаслівых, непаўторных імгненняў; яна пачарнела, скрывілася;