— Вядомы.
— Артыкул гэты трактуе пра адносіны гандлю... альбо не, як яго, прамысловасці да гандлю ў нашай краіне... Так, здаецца, вы пажадалі выказацца, Дар'я Міхайлаўна?
— Так, ён пра гэта, — адказала Дар'я Міхайлаўна і прыклала руку да ілба.
— Я, вядома, у гэтых справах суддзя слабы, — прадоўжваў Пігасаў: — але я павінен прызнацца, што мне самы загаловак артыкула здаецца надзвычай... як-бы гэта сказаць падалікатней?.. надзвычай цёмным і заблытаным.
— Чаму-ж яно вам так здаецца?
Пігасаў усміхнуўся і злёгку зірнуў на Дар'ю Міхайлаўну.
— А вам ён зразумелы? — праказаў ён, зноў звярнуўшы свой лісіны твар да Рудзіна.
— Мне? Зразумела.
— Гм... Вядома, гэта вам лепей ведаць.
— Вам галава баліць? — спытала Александра Паўлаўна Дар'ю Міхайлаўну.
— Не. Гэта ў мяне так... C' est nerveux[1].
— Дазвольце пацікавіцца, — загаварыў зноў насавым галаском Пігасаў: — ваш знаёмы, пан барон Муфель... так, здаецца, іх завуць?
— Якраз так.
— Пан барон Муфель спецыяльна займаецца палітычнай эканоміяй, ці толькі так, ахвяруе гэтай цікавай навуцы свой вольны час, які застаецца сярод свецкіх забаў і заняткаў па службе?
Рудзін зіркліва паглядзеў на Пігасава.
— Барон у гэтай справе дылетант, — адказаў ён, крыху чырванеючы: — але ў яго артыкуле шмат справядлівага і цікавага.
- ↑ Гэта нервовае (фр.).