Лаўрэцкі схапіў яе за руку.
— Ах, Лізавета Міхайлаўна, паверце, — усклікнуў ён: — я і так даволі быў пакараны. Я ўжо ўсё апраўдаў паверце.
— Гэта вы не можаце ведаць, — праказала Ліза ўпоўголаса. — Вы забыліся, — яшчэ нядаўна, вось, калі вы са мной гаварылі, — вы не хацелі ёй дараваць…
Абое моўчкі прайшліся па прысадах.
— А што-ж ваша дачка? — запытала раптам Ліза і спынілася.
Лаўрэцкі ўстрапянуўся.
— О, не турбуйцеся! Я паслаў ўжо лісты ва ўсе месцы. Будучыня маёй дачкі, як вы яе… як вы кажаце забяспечана. Не турбуйцеся.
Ліза сумна ўсміхнулася.
— Але вы праўду кажаце, — прадаўжаў Лаўрэцкі: што мне рабіць з маёй свабодай? Навошта мне яна?
— Калі вы атрымалі гэты журнал? — праказала Ліза, не адказваючы на яго запытанне.
— На другі дзень пасля вашага наведвання.
— І няўжо… няўжо вы нават не заплакалі?
— Не. Я быў здзіўлен; але скуль было ўзяцца слязам? Плакаць пра мінулае, — але-ж яно ў мяне ўсё спалена. Самы ўчынак яе не зруйнаваў маё шчасце, а давёў мне толькі, што яго зусім ніколі не было. Пра што-ж тут было плакаць? Аднак, хто ведае? — я, магчыма, быў-бы больш засмучаны, калі-б атрымаў гэту вестку двума тыднямі раней…
— Двумя тыднямі? — адказала Ліза. — Ды што-ж такое здарылася за гэтыя два тыдні?
Лаўрэцкі нічога не адказаў, а Ліза раптам пачырванела яшчэ больш.
— Так, так, вы адгадалі, — падхапіў раптам Лаўрэцкі: — у працягу гэтых двух тыдняў я даведаўся,