Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/270

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хаця ў яе „сваіх“ слоў няма. Ды і гэта няпраўда: у яе ёсць свае словы… „Не кажыце пра гэта лёгкадумна“, успомнілася Лаўрэцкаму. Ён доўга ехаў панурыўшы галаву, потым выпрастаўся, паволі сказаў:

„И я сжег все, чему поклонялся;
Поклонился всему, что сжигал…“

але зараз-жа выцяў каня прутам і скакаў аж да самага дома.

Злазячы з каня, ён у апошні раз азірнуўся, з мімавольнай і ўдзячнай усмешкай. Ноч, маўклівая, ласкавая ноч, ляжала на ўзгорках і на далінах; здалёку, з яе душыстай глыбіні, бог ведае скуль — ці з неба, альбо з зямлі — патыхала ціхай і мяккай цеплынёй, Лаўрэцкі паслаў апошні паклон Лізе і ўзбег на ганак.

Наступны дзень прайшоў даволі вяла. З раніцы ішоў дождж. Лем глядзеў спадлобу і ўсё мацней і мацней сціскваў губы, нібы даваў сабе зарок ніколі не адкрываць іх. Кладучыся спаць, Лаўрэцкі ўзяў з сабою ў ложак цэлы жмут французскіх журналаў, якія ўжо больш двух тыдняў ляжалі ў яго на стале не распакаваныя. Ён узяўся раўнадушна рваць вокладкі і прабягаць гранкі газет, у якіх аднак не было нічога новага. Ён ужо хацеў кінуць іх — і раптам ускочыў з пасцелі, як укушаны. У фельетоне адной з газет, вядомы ўжо нам мос‘ё Жуль паведамляў сваім чытачам „жалобную навіну“: прыгожая, чароўная маскоўка, — пісаў ён, — адна з царыц моды, пекната парыжскіх салонаў, Madame de Lavretzki памерла амаль раптоўна, — і вестка гэта, на жаль, вельмі пэўная, толькі што дайшла да яго, п. Жуля. Ён быў, — так пісаў ён, — можна сказаць, сябрам нябожчыцы…

Лаўрэцкі адзеўся, вышаў у сад і да самай раніцы хадзіў узад і ўперад усё па адной прысадзе.