Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Якое тут правіла? — перапыніў Лаўрэцкі: — я не прызнаю…

— Не, гэта тваё правіла, правіла, — перапыняў яго ў сваю чаргу Міхалевіч.

— Ты эгаіст, вось што! — грымеў ён праз гадзіну: — ты жадаў самаасалоды, ты жадаў шчасця ў жыцці; ты хацеў жыць толькі для сябе…

— Што такое самаасалода?

— І ўсё цябе ашукала; усё рухнула пад тваімі нагамі.

— Што такое самаасалода, пытаю я цябе?

— І яно павінна было рухнуць. Бо ты шукаў апоры там, дзе яе знайсці нельга; бо ты будаваў свой дом на зыбучым пяску…

— Гавары ясней, без параўнанняў, бо я цябе не разумею.

— Бо, — калі хочаш, смейся, — бо няма ў цябе веры, няма цеплыні сардэчнай; розум, усё адзін толькі грашовы розум… ты, проста, мізэрны, адсталы вальтэрыянец — вось ты хто.

— Хто, я вальтэрыянец?

— Так, такі-ж самы, як твой бацька, і сам таго не падазраваеш.

— Пасля гэтага, — усклікнуў Лаўрэцкі: — я маю права сказаць, што ты фанатык!

— На жаль, — адказаў з сумам Міхалевіч: — я, на маё няшчасце, ні чым не заслужыў яшчэ такой высокай назвы…

— Я цяпер знайшоў, як цябе назваць, — крычаў той-жа Міхалевіч а трэцяй гадзіне ночы: — ты не скептык, не расчараваны, не вальтэрыянец, ты — абібок, і ты злосны абібок, абібок з свядомасцю, не наіўны абібок. Наіўныя абібокі ляжаць сабе на печцы і нічога не робяць, бо не ўмеюць нічога рабіць; яны і не думаюць нічога, а ты чалавек з думкамі — і ляжыш; ты мог-бы што-небудзь рабіць —