Дзе ваш альбом? Здаецца, там мой малюнак няскончаны.
Ліза пайшла ў другі пакой за альбомам, а Паншын, застаўшыся адзін, дастаў з кішэні баціставую хустку, пацёр сабе пазногці і паглядзеў неяк скасіўшыся, на свае рукі. Яны ў яго былі вельмі прыгожыя і белыя; на вялікім пальцы левай рукі насіў ён кручаны залаты персцень, Ліза звярнулася; Паншын падсеў да акна, разгарнуў альбом.
— Ага! — усклікнуў ён: — я бачу, вы пачалі змалёўваць мой малюнак — і добра! Вельмі добра. Вось тут толькі — дайце аловак — не досыць моцна пакладзены цені. Глядзіце.
І Паншын размашыста паклаў некалькі даўгіх штрыхоў. Ён заўжды маляваў адзін і той жа пейзаж: на першым плане вялікія растрапаныя дрэвы, воддаль паляну, і зубчастыя горы на небасхіле, Ліза глядзела праз яго плячо на яго работу.
— У малюнку, ды і наогул у жыцці, — гаварыў Паншын, згінаючы галаву і направа, і налева, — лёгкасць і смеласць — першая рэч.
У гэты момант у пакой увайшоў Лем і, суха пакланіўшыся, хацеў выйсці; але Паншын кінуў альбом і аловак у бок і перапыніў яму дарогу.
— Куды ж вы, любы Хрыстафор Фёдарыч? Хіба вы не застаецеся чай піць?
— Мне дадому, — прагаварыў Лем хмурым голасам: — галава баліць.
— Ну, што за глупства, — застаньцеся. Мы з вамі паспрачаемся пра Шэкспіра.
— Галава баліць, — паўтарыў стары.
— А мы без вас узяліся-былі за бетховенскую санату, — не пераставаў Паншын, ветліва ўзяўшы яго за талію і светла ўсміхаючыся: — але справа зусім на лад не пайшла. Уявіце, я не мог дзве ноты ўраз узяць правільна.