але цяпер, павер мне, я навучыўся цаніць цябе. Ты сабе капіталу не набудзеш... Ды я люблю цябе за гэта... Што ты!
Рудзін слаба ўсміхнуўся.
— Сапраўды?
— Я паважаю цябе за гэта! — паўтарыў Лежнёў: — ці разумеш ты мяне?
Абое памаўчалі.
— Што-ж, пераходзіць да нумара трэцяга? — спытаў Рудзін. — Зрабі ласку.
— Калі хочаш. Нумар трэці і апошні. З гэтым нумарам я толькі цяпер расквітаўся. Але ці не надакучыў я табе?
— Гавары, гавары.
— Вось бачыш, — пачаў Рудзін: — я аднойчы падумаў у вольны час... а вольнага часу ў мяне заўжды шмат было... я падумаў: ведаў у мяне даволі, жадання дабра... паслухай, і ты ж не будзеш адмаўляць мне ў жаданні дабра?
— Вядома!
— У іншых усіх галінах я больш ці менш зрэзаўся... чаму б мне не зрабіцца педагогам, або, кажучы папросту, настаўнікам? Чым так жыць дарэмна...
Рудзін спыніўся і ўздыхнуў.
— Чым жыць дарэмна, ці не лепей пастарацца перадаць іншым, што я ведаю: можа быць, ім будзе ад маіх ведаў хоць якая-небудзь карысць. Здольнасці-ж мае не абыякія, нарэшце, языком я ўладаю... Вось я і наважыўся ахвяраваць сябе гэтай новай справе. Клопатна мне было дастаць пасаду; прыватных лекцый даваць я не хацеў; у ніжэйшых школах мне рабіць было-б няма чаго. Нарэшце, мне ўдалося дастаць пасаду выкладчыка ў тутэйшай гімназіі.