Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вось гэтыя ме́ньшынкія вам, малыя, а гэту, трохі большую, табе́, Данілка.

ДАНІЛКА. (Надзе́ўшы торбу). Вось як лоўка цяпе́р будзе! У руках іскрыпачка, на плячох торбачкі — гуляй душа, колькі ўле́зе!

СТАРАЦ. Што-ж? Не здарма людзі пацераў і малітваў змалку яшчэ вучацца. Каму-не́будзь, ды над старасьць прыгодзяцца. Аб торбах не павінны забывацца навет і тыя, што на пасадах сядзяць.

МАРЫЛЯ. (Надзяваючы на сябе́ торбу). Ну, гэ­тыя самыя большыя на мяне́ якраз падыйдуць! (Глянуўшы на Зоську). Папрабую і на яе́ надзе́ць, а нуж з намі пойдзе. (Падходзе да Зоські і хоча надзе́ць торбу). Зоська, пазволь, — надзе́ну гэта на цябе́, ды пойдзем разам!

ЗОСЬКА (паве́ўшы мутнымі вачыма). Што?.. Куды?

МАРЫЛЯ. Надзе́нь, Зоська, гэтыя торбачкі? Надзе́нь, дачушка мая. (Хоча сілай надзе́ць).

ДАНІЛКА. Не спрачайся, Зоська, ды пойдзем! Я табе́ зайграю панічову музыку.

ЗОСЬКА (усхапіўшыся з зямлі і баронячыся). Што? на мяне́ торбы хочаце надзяваць! Га! А вы ве́даеце, хто я такая? Ве́даеце? Я карале́ўна! Я — ўсяўладная пані гэтае зямлі ўсей чыста! — гэтых загонаў, гэтых лугоў, гэтага ле́су! Ха-ха ха! А яны мяне́ ў торбы, як жабрачку, хочуць прыбраць! Я ў кароне, бачыце, хаджу. Сярпы мае́ сталёвыя дабро цэламу сьве́ту жнуць, а палотны мае́ шаўковыя цэлы сьве́т адзяваюць, а яны ў торбы мяне́ хочуць прыбраць! Проч, бязстыднікі! (Зрывае торбы і кідае на вогнішча; сама апускаецца каля дзе́рава).

МАРЫЛЯ (адкінуўшы торбу ў старану з агню). Ня хочаш, і ня трэба! Не ў маёй ужо моцы з вамі вайну вясьці. А торбачка гэта хай астанѐцца тут: можа Сымону прыдасца.

СТАРАЦ. Што-ж, пані гаспадыня, — гатовы ўжо ўсе́!

МАРЫЛЯ. Ужо, дзе́дка! Можам ісьці.