Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ПЯТЫ.

Час — каля Усіх Сьвятых. Ве́чар. Цёмна. Глуха. Заводзе ве́цер.

ЗЬЯВА I.
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ.

ДАНІЛКА (уве́сь час выводзячы з перарывамі на сва­ёй скончанай іскрыпцы сумную мэлёдыю). Мамка, уцякайма адгэтуль, а то ўжо і мне́ трудна вытрываць: так тут халодна, цёмна, страшна!

МАРЫЛЯ (грэючыся з дзяцьмі каля вогнішча). Як Сымон скажа, так і будзе, нічога я ў гэтым сваёй воляй парадзіць не магу.

ДАНІЛКА. Усё Сымон, ды Сымон! Ці-ж без яго, дык і абыйсьціся ня можна. Я-ж на што ў цябе́?

МАРЫЛЯ. На што? Пішчэць толькі на йскрыпцы, ды і ўся з цябе́ тут рада і парада! Як цяпе́р во пішчыш, ды пішчыш, хоць вушы затыкай.

ДАНІЛКА. А ўсё такі скажы, мамка, праўду: у гэтай іскрыпцы ле́пшы голас, як у тэй, што ране́й у мяне́ была?

МАРЫЛЯ. На тэй гудзе́ў, як авадзе́нь, і на гэтай так сама выводзіш не́йкае не́шта паўтара людзкога. Знайшоў калі музыкай займацца! Жалоба па бацьку яшчэ не адыйшла, з Зоськай такое няшчасьце прылучылася, а ён — на, табе́! На йскрыпцы выігрывае.

ДАНІЛКА. Мамачка, я-ж нічога вясёлага і ня йграю, а ўсё такое, як сама чуеш, што і па нябошчыках ня грэх галасіць. Жалобная музыка, бачыш у мяне́ выходзе, а не якая другая.