Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ. Пакуль ты свайго дапне́ш, што мы е́сьці будзем? Ні сам ня йдзеш нікуды ў заработ­кі ні другім не пазваляеш. На мяне́, матку тваю, і на гэтых малых ня маеш Бога ў сэрцы. Эх! Сы­мон, Сымон! Губіш ты сябе́ і нас усіх.

СЫМОН. Ня бойся, мамка! Ня згублю! А калі згінем мы, то цэлы сьве́т аб гэтым даве́даецца і праўда на ве́рх выйдзе. Адно гора, што вы мне́ ўва ўсім пярэчыце: ты сваім заўсёдным нараканьнем, а яна, Зоська, сваёй к таму ліпкасьцю ў папярок дарогі мне́ станавіцёся і топчаце тое, што я хачу се́яць.

ЗОСЬКА (падходзе к Сымону і кладзе́ яму ру­ку на плячо). Эх, мой ты братачка родны! Горды, непакорны чалаве́к з цябе́ выйшаў! Птушкаю — арлом быць-бы табе́ і лётаць па паднябе́сью, як лётае ве́цер гэты вольны! Толькі ж бяда — крыльле не дадзена табе́, саколе ты мой заркавокі. Не кажы, браток, што я тапчу тое, што ты се́еш. Хто ве́дае — можа ты гарэй сваёй гордасьцю топчаш тое, што се́ю я сваім сэрцам дзявоцкім? Хто ве́дае?

СЫМОН (панура). Бацькаўская магіла і крыж гэты ве́дае!

ЗОСЬКА. Не пераме́нны ты, братка! Спапяліць гэта гордасьць табе́ душу і сэрца, у попел абѐрне. А злосьць людзкая апаганіць тваю добрую славу, і нічога ты не дакажаш сваім праціўле́ньнем цэламу сьве́ту! Не сягоньня то заўтра пойдзеш па таей сьце́жцы — дарожцы, па якой усе́ людзі ідуць. Уломяць цябе́, апусьцішся і загінеш.

СЫМОН. Але сам я самахоць не загіну, мяне́ сіла большая загубіць, а ты па сваёй ахвоце сама сябе́ аддае́ш на гэту загубу, на глум ве́чны!

ЗОСЬКА (адходзячы ад Сымона. У старану). Божа! Як-жа мне́ цяжанька тут жыць! (Садзіцца і ўе́ вянок. Пауза).

ДАНІЛКА. Крыж рабіць робіш, а на чым яго павязе́ш?

СЫМОН. Не бядуй па гэтым! Не пайду каня вымаліваць ні да сусе́дзяў, ні там, да іх! На сваіх плячох павязу — яшчэ датрываюць, — хопе сілы.