Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

(Да паніча). Пахвалёны Езус, панічу! А я маю да цябе́ важны інтэрас: Пазыч ты мне́ жылаў на стру­ны і конскага хваста на смык, бо іскрыпку сваю зараз такі змайструю, а йграць ня будзе як. Пазыч, панічок! Як разбагаце́юся, тады аддам.

СЫМОН. Ты-б ляпе́й сабе́ вяроўкі на пятлю папрасіў — гэтага скарэй у людзе́й дастанеш.

ПАНІЧ Табе́-б з ахвотай яе́ пазычыў…

СЫМОН (панура). Так, як і бацьку.

ЗОСЬКА. Панічок, ня крыўдуйце на яго! Ен не такі нягодны, як хоча паказацца. Ен з часам пераме́ніцца, і будзе табе́ служыць, ох, як ве́рна служыць! Тваё полейка араць, тваіх конікоў даглядаць, тваіх дзе́так вадзіць. А мы з мамкай дабрыцо будзем жаць, для цябе́, панічок, жаць! Дык ня крыўдуйце на яго!

ПАНІЧ. Я ня ве́даю, хто тут пан — я ці ён?

СЫМОН. Ніхто!

ДАНІЛКА. Ты, Сымонка, як я віджу, толькі вадзішся з панічом, а не пагаворыш, як на гаспадара прыстала, аб важне́йшых справах. Тату сягоньня пахаваў, а крыжа і не паставіў. Папрасі ў паніча дзе́рава на крыж.

ПАНІЧ. На гэта ў мяне́ ле́су хопе. Можаце колькі хочучы з майго дзе́рава ставіць крыжоў. Бяз просьбы — пазваляю.

СЫМОН. За многа ласкі!.. Я сам стану кры­жам на бацькавай магіле і буду ве́чна сьцерагчы, каб твае́ плугі не разрылі яе́, як тапары твае́ — сьце́ны гэтыя!

ПАНІЧ. Вар’ят! Ці ж не твае́ рукі гэта рабілі і робяць? Падумай толькі! (Шыбка выходзе, пасьвіставаючы).

ДАНІЛКА (у сьле́д яму). А па жылы і хвост я прыду да паніча. Скажы толькі сабакі прывязаць!

ЗЬЯВА IX.
ТЫЯ-Ж без ПАНІЧА.

ЗОСЬКА (да Сымона). Ты ўгнявіў яго, Сымон­ка! Пазволь — я пабягу і перапрашу. (Меціцца бегчы).