Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА II.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.

МАРЫЛЯ (да Сымона, глуха). Ужо ты вярнуўся? Пахавалі? Можа на могі…

СЫМОН (садзячыся, панура). А як-жа!.. пахавалі, толькі не на могілках… не пазволілі! За магілкавым плотам пахавалі. Тут паміж жывымі, ня было яму ме́йсца — ня стала яму прыстанішча і паміж нябошчыкамі. Самагуб!.. А спытайцеся, хто яго давёў да гэтага самагубства?!

МАРЫЛЯ. Нічога, дзе́ткі, не парадзіш. Грэшнай сьме́рцю памёр — мусіць пакутаваць.

СЫМОН. Пакутаваць! пакутаваць! Гэта ве́чная пакута толькі чалаве́ка на зьве́ра перарабляе, дзічэць прыходзіцца, як цемняку якому. Што яна, гэта пакута, са мной зрабіла?! Я сам сябе́ не пазнаю. Калі кідаў сягоньня на бацькаў труп зямлю, то мне́ здавалася, што гэтым жвірам чырвоным засыпаю самога сябе́, сваё шчасьце, свае́ ле́ты маладыя; засыпаю Бога, людзе́й, цэлы сьве́т; здавалася, усё чыста хаваю на ве́кі вечныя ў сьцюдзёнай магіле.

МАРЫЛЯ. Нічога, сынку! гэта пяройдзе, гэта толькі жаль вялікі праз цябе́ гавора. Ве́дай, што яшчэ ня ўсё і ня ўсіх ты пахаваў: асталіся ў цябе́ я, браткі і сястрычкі твае́ — імі і з імі ты мусіш жыць, і павінен жыць. Цяжанька цяпе́р табе, — ды і каму з нас сягоньня тут лёганька, але што чыніць. Памучымся які ме́сяц-другі, прыдаўлены сваім сіроцтвам і адзіноцтвам; ме́сяц-другі будзеш снаваць, як тапельнік між жывымі, не знайходзячы сабе́ прыстанішча, а там, за які гадок, як зацьвітуць на вясну пе́ршыя кве́ткі над бацькавай ве́чнай пасьце́ляй, — зацьвітуць краскі і ў цябе́ на душы і на сэрцы, сьве́тлыя краскі ціхага спакою і журбы сьвятой. Будзеш дале́й жыць і шукаць шчасьця на сьве́це.

СЫМОН. Кве́ткі, шчасьце! Паганыя ногі патопчуць кве́ткі на бацькавай магіле, як і яго самога у зямлю затапталі; а шчасьце — каб як