Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Літоўска-беларуская опозыцыя. Каралеўская прысяга выклікала незвычайнае абурэньне паміж літоўска-беларускіх вяльмож. На чале руху стаяў Ян Гаштольд, быўшы выхаваўца караля. Магнаты мелі на ўвазе ўнутраныя непарадкі ў Польшчы і войны з нямецкім Законам і дзеля гэтага спадзяваліся, што задуманая барацьба супроць вуніі дасьць пажаданыя рэзультаты. Асабісты прыезд Казіміра ў Вільню супакоіў абураных ліцьвінаў. Настала часовае спакойства. Калі-ж каралеўскія абяцаньні былі нявыпаўнены, то магнаты на чале з тым-жа Гаштольдам зрабілі змову на жыцьцё караля. Магнаты мелі намер пасадзіць на вялікакняскі пасад кіеўскага князя Сымона Алелькавіча. Сьмерць Яна Гаштольда (1462) не дазволіла зьдзейсьніцца гэтай змове. На соймах у Бярэсьці і ў Вільні (1461—1462) вялікаму князю Казіміру было запрапанована вярнуць Літве Валыншчыну і Падольле і адмовіцца ад польскага трону. Гэтыя самыя запатрабаваньні былі запрапанованы Казіміру на зьездах у Петракове (17-га мая 1463 г.) і ў Парчэве (15 кастрычніка). Нарэшце магнацтва, нездаволенае з вуніі, хацела мець для Літвы асобнага князя ў асобе аднаго з сыноў Казіміра; аднак кароль ня даў на гэта сваёй згоды.

Змова ўкраінскіх князёў. Прывілей 2-га мая 1447 году пагадзіў беларуска-ўкраінскую шляхту з політыкай Казіміра. Але быўшыя ўдзельныя князі прынялі моцна варожую позыцыю. Зьністажэньне ўдзелаў і захаваньне ў прывілеі 1447 году конфэсыянальнага артыкулу прымушалі тытулованую арыстакратыю адмоўна адносіцца да політыкі Казіміра. Яна выклікала опозыцыйны рух паміж украінскіх князёў, на чале якіх стаў брат апошняга Кіеўскага князя — Міхайла Алелькавіч. Змоўнікі мелі намер захапіць вялікакняскі пасад і перадаць яго аднаму з украінскіх князёў. Аднак змова была выкрыта. Міхайла Алелькавіч і Альшанскі князь былі публічна пакараны сьмерцю на пляцы ў Кіеве. Князь Тодар Іванавіч Бельскі ўцёк у Маскву, на дапамогу якой змоўнікі мелі надзею. Удзельныя князі падтрымлівалі сувязь з Масквой, апіраючыся на якую яны спадзяваліся захаваць свае княжэньні (1381).

Лёсы вуніі па сьмерці Казіміра. Па сьмерці Казіміра (1492) унітарныя адносіны Літвы з Польшчай былі зноў разорваны. Ліцьвіны абралі на пасад яго сына Аляксандра; а палякі — яго брата — Альбрэхта. Абраньне на пасад Аляксандра было падмацована апублікаваньнем прывілею, які пацьвярджаў наданыя раней правы і вольнасьці. Гэты прывілей замацоўваў за магнатамі тое рашучае становішча, якое яны займалі, дзякуючы частым ад’ездам Казіміра ў Польшчу, у сфэры дзяржаўнага будаўніцтва. Прывілей 1492 году істотна абмежаваў уладу вялікага князя, дазваляючы “гаспадарскай радзе” актыўны ўдзел у замежнай і ўнутранай політыцы ўраду. Абраньне на пасад вялікага князя Аляксандра і атрыманьне магнатамі як-бы “арыстакратычнай констытуцыі” было вялікай перамогай з боку магнатаў — прыхільнікаў дзяржаўнае незалежнасьці літоўска-баярскага княства. Аднак распачатая вайна з Масквой прымусіла зьвярнуцца да палякаў за дапамогай. Была падпісана новая унітарная ўмова (1499); пры гэтым новая вунія прызнавала за ліцьвінамі права на самастойны дзяржаўны лад. Літва станавілася да Польшчы ў тыя самыя праўныя адносіны, у якіх яна павінна была знаходзіцца паводле унітарных умоў 1413 і 1432 г. г.

Вунія 1501 году. У часе ваенных дзеяньняў з Масквой памёр кароль Альбрэхт. Ліцьвіны паднялі пытаньне а запрашэньні вялікага князя Аляксандра на польскі трон. Палякі выкарысталі цяжкае становішча ліцьвінаў і запрапанавалі новыя вельмі цяжкія для ліцьвінаў умовы вуніі. Паводле вуніі Літва і Польшча злучаюцца ў адну дзяржаву з адным каралём, абраным на агульным польска-літоўскім сойме, з аднэю монэтаю, але рознымі судамі і пасадамі. Вунія 1501 году прызнавала абавязальную сілу за ранейшымі ўмовамі і абавязвала абедзьве дзяржавы быць неразлучнымі як у шчасьці так і ў няшчасьці.