Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Даўгарукім, то ў Тураў быў пасланы яго сын Барыс; а калі пасьля сьмерці Юр'я кіеўскім князем стаў Ізяслаў Давідавіч Чарнігаўскі (1158), то Тураў быў захоплены Юр'ем Яраславічам, унукам Сьвятаполка Другога, які раней валадаў вышнявінамі Прыпяці і Бярэсьцем. Гэткім чынам да паловы ХІІ веку ў Тураўскай зямлі не ўтварылася асобнае княжае дынастыі. Тураўскія землі праз увесь час знаходзяцца ў сфэры ўплыву кіеўскіх князёў. Калі Юры Яраславіч захапіў Тураў, то ён меў намер замацаваць яго за сабою, у чым яму йшло насустрэч і насяленьне зямлі. Яму ўдалося вытрымаць аблогу Ізяслава Давідавіча. Расьціслаў Мсьціславец, заняўшы кіеўскі пасад, у саюзе з уладзіміра-валынскімі князьмі, гэтак сама напаў на Тураў, але забраць яго не ўдалося. Расьціславу прышлося пагадзіцца з Юр‘ем Тураўскім (1162). Гэткім чынам у ўпартай барацьбе Тураўская зямля здабыла сабе поўную незалежнасьць. Бязупынная зьмена князёў Тураўскай зямлі сьведчыць аб слабасьці зямлі, аб адсутнасьці энэргіі і сілы бараніць сваю політычную незалежнасьць. Па сьмерці Юр‘я Тураўскага зямля дзеліцца на ўдзелы паміж сынамі: Святаполкам, Глебам, Іванам, Яраславам і Яраполкам. Вялікім князем быў Святаполк. З-паміж удзелаў найбольш значнымі былі: Пінскі, Тураўскі, Дуброўніцкі. Зьяўляючыся прадстаўнікамі самастойнай краіны, турава-пінскія князі імкнуліся падтрымліваць добрыя адносіны з тымі, хто ў даны момант іграў першую політычную роль. Пад уплывам літоўскіх нападаў, турава-пінскія князі збліжаюцца з Галіцка-Валынскімі і паступова падпадаюць іх уладзе. У 1248 годзе ліцьвіны заваявалі ўсю Пінскую зямлю і ня раз давалі адчуваць ёй сваю сілу. У саюзе з Галіцка-Валынскімі князьмі турава-пінскія князі адказвалі гэткімі-ж нападамі на Літву. Падлегласьць Турава-Пінскай зямлі, у выпадку політычнага ўмацаваньня Літвы, была няўнікнёнай.

Полацкая зямля. Агульныя політычныя ўмовы моцна зьмяніліся к таму часу, калі полацкія князі вярнуліся з грэцкага палону. Аслабленыя патомкі Ўсяслава не маглі цяпер весьці ніякай агрэсыўнай політыкі. Яны стараліся падтрымліваць прыязныя адносіны з тымі дынастычнымі партыямі—манамахавічамі і ольгавічамі, паміж якімі вялася бязупынная барацьба за Кіеў спрэс да таго моманту, калі Кіеў утраціў ранейшае экономічнае і політычнае значэньне. Калі полацкія князі адмовіліся ад сваіх агрэсыўных намераў у стасунку да Кіева, з прычыны склаўшыхся новых умоў і адносін, то ўсё-ткі гэта ніколькі не палепшыла тае політычнае знадворнае сытуацыі, у якой прыходзілася жыць Полацкай зямлі. Заняпад Кіева пацягнуў за сабою экономічны і політычны ўзрост Смаленскай зямлі. Князі апошняй, пільнуючы гандлёвых шляхоў, з аднаго боку ўважна сачаць за тым, што адбываецца пасуседзтву ў Кіеве, з другога боку—яны стараюцца падчыніць свайму ўплыву ўсю Полацкую зямлю, праз якую па р. З. Дзьвіне праходзіў рачны гандлёвы шлях да Бальтыцкага мора. Пераход да Смаленску Воршы і Копыся сьведчыў аб тым, што Смаленская зямля ўзмацняецца, а Полацкая хіліцца да політычнага заняпаду. І пасьля таго, як полацкія князі вярнуліся, політычнае аб’яднаньне зямлі не адбылося. Полацкая зямля разьдзялілася на ўдзелы, з-паміж якіх найбольшае значэньне маюць: Полацкі і Менскі. Паміж уладарамі ўдзелаў пачалася барацьба, у якой чынны ўдзел прымала і насяленьне зямлі. У гэтай грамадзянскай барацьбе князі шукалі саюзьнікаў на баку. Рагвалод Барысавіч Полацкі, выгнаны палачанамі ў Менск (1151), якія заклікалі Расьціслава Глебавіча Менскага, шукаў падтрыманьня ў смаленскага князя Расьціслава і Сьвятаслава Ольгавіча Чарнігаўскага. Рагвалоду ўдалося зорганізаваць у Полацку спрыяючую яму партыю. Палачане зноў запрасілі яго на пасад. Пры гэтым было дадзена абяцаньне забыцца аб усім мінулым. Рагвалод пачаў сваё княжаньне з таго, што аднавіў барацьбу супроць Расьціслава Глебавіча і яго братоў. Аднак захапіць Менск і аб’яднаць пад сваёй уладаю князю Рагвалоду не