Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

р. Заходняя Дзьвіна, аддзеленая шэрагамі узгоркаў ад вадазбору р. Нёману і Валдайскімі гарамі ад вадазбору р. Вялікай і Лаваці. Дняпро цячэ амаль-што па сярэдзіне тэрыторыі, а паўднёвая частка тэрыторыі абвадняецца Прыпяцьцю. Вадазборы рэк значна прыбліжаюцца адзін да другога. Нязначная вышыня ўзгоркаў не перашкаджала зносінам і ўзаемнаму ўплыву паміж усімі насельнікамі тэрыторыі. Правыя прытокі З. Дзьвіны—Дрысса, Абольля, Усьвяча збліжаюць З.-Дзьвінскі вадазбор з вадазборам Чудзкага і Ільменскага вазёр. Левыя прытокі—Лучэса, Каспля, Улла—злучаюць З. Дзьвіну з вадазборам Дняпра. Вышнявіны З. Дзьвіны, падыходзячы вельмі блізка да вышнявін Волгі, злучаюць вадазборы гэтых рэк. Левай прытокай—Уллою З. Дзьвіна злучаецца з Бярэзінай. Левай прытокай З. Дзьвіны—Дзіснай і правай прытокай Віліі—Жымянай, злучаюцца вадазборы З. Дзьвіны і Нёману. Дняпроўскі вадазбор р. Бярэзінай і яе прытокай Поняй праз Вілію збліжаецца з вадазборам Нёману. Вышнявіны Дняпра злучаюць вадазбор Дняпра і Волгі разам з Акой. Прыпяць сваім вусьцем зьвязваецца з сярэднім Дняпром, а сваімі вышнявінамі праз сваю прытоку Піну і Мухавец, прытоку заходняга Бугу, прыбліжаецца да Вісьлянскай воднай артэрыі; рэчкай Ясельдай праз Шару, прытоку Нёману, Прыпяць злучаецца з вадазборам Нёману. Дзякуючы гэтаму вадазборы Бальтыцкага і Чорнага мораў былі вельмі блізкі паміж сабой. Тэрыторыя Беларусі багата вазёрамі і балотамі. Ува ўсходняй часьці тэрыторыі вазёр нямнога. Найбольш значнымі з паміж вазёр зьяўляюцца: возера Лубань (73,9 кв. в.) у паўночнай часьці тэрыторыі, возера Князь (49,5 кв. в.) у паўднёвай часьці. Балоты пераважна спатыкаюцца ў заходняй і паўднёвай частках тэрыторыі.

Глеба. У стасунку да глебы тэрыторыя Беларусі прыналежыць да нечарназемнай паласы і азначаецца вялікай разнастайнасьцю ў залежнасьці ад паасобных районаў. Наогул-жа на тэрыторыі Беларусі спатыкаюцца глебы: суглінкавыя, балотныя (багністыя), пясчаныя, патрабуючыя або значнага ўгнаеньня, або зусім няпрыгодныя для сельскае гаспадаркі.

Клімат. У стасунку да клімату тэрыторыя Беларусі прыналежыць да мернай паласы, у якой няма раптоўных пераходаў ад дзённай гарачыні да ночнага холаду. Кліматычныя ўмовы залежаць ад палажэньня Беларусі ў паўночна-заходняй часьці ўсходня-эўропэйскай раўніны. Пераважным ветрам трэба тут лічыць паўночна-заходні, які прыносіць з сабою значную колькасьць вільгаці і павышае зімовую тэмпэратуру. Сярэдняя гадавая тэмпэратура хістаецца паміж +4,5° ува ўсходняй, +5° у паўночнай і +6° у заходняй частках тэрыторыі. Поры году не разьмяжованы раптоўна адна ад другой і вызначаюцца вялікай нясталасьцю. Часта бывае, што ў маі і чэрвені паяўляюцца халады, якія значна шкодзяць расьліннасьці. Лета бывае то засушлівым, то надта дажджыстым. Гэткая самая й восень. Зіма бывае або сьнежнай і цёплай, або бясьсьнежнай і халоднай. Большую частку году неба бывае пакрыта воблакамі. Найбольшая колькасьць воблачнасьці прыпадае на зімовыя месяцы: лістапад, сьнежань і студзень. У летнія месяцы воблачнасьць найменшая. Што датыча вільгаці, то ўся тэрыторыя Беларусі даволі ёю багата. Першае месца ў гэтых адносінах займае Палесьсе. Найбольшая колькасьць атмосфэрных ападаў прыходзіцца на летнія месяцы.

Расьліннасьць і жывёльнасьць. Тэрыторыя Беларусі—гэта краіна лясоў, раскінутых на ўзвышшах і на нізінах — паміж балот. Лясы Беларусі маюць характар мяшаных лясоў. У ігластых лясох найчасьцей спатыкаецца хвоя, а ў ліставых лясох — вольха, бяроза, асіна. Апрача гэтага растуць ясень, клён, ясакар, бук, ліпа, дуб, рабіна, вяз. Даволі часта спатыкаюцца хмызьнякі, заросшыя барбарысам, баярышнікам, шыпшынай, чарніцай, брусьніцай, калінай, цярноўнікам, малінай,