Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

-рады. Умацаваньне політычнага значэньня сойму памяншала аўтарытэт рады, а гэта сьведчыла аб тым, што значэньне сярэдняга і дробнага землеўладаньня павялічваецца. Пастановы сойму не зьвязваюць волі гаспадара, але фактычна яны зьяўляліся абавязковымі.

Цэнтральная адміністрацыя. Пахаджэньне органаў цэнтральнае адміністрацыі злучана з пашырэньнем урадовай дзейнасьці вялікага князя і разьмежаваньнем паміж інтарэсамі прыдворнае гаспадаркі і інтарэсамі дзяржаўнымі. Новыя заданьні ў галіне замежнай і ўнутранай політыкі былі невыканальны без пасярэдніцтва адпаведных урадовых асоб. Такім чынам з ліку прыдворных ураднікаў выдзяляліся ўрадовыя асобы, якім падлягалі пытаньні дзяржаўнага характару. Да агульназемскіх органаў адносіцца: падскарбі земскі, які загадваў усімі даходамі ў гаспадарскі скарб; канцлер — начальнік дзяржаўнай канцылярыі; гэтман найвысшы, які камандаваў арміяй у часе вайны, калі армія не знаходзілася пад беспасярэдным камандаваньнем вялікага князя. У руках гэтмана быў суд над вінаватымі ў парушэньні службовае дысцыпліны, а гэтак сама над усімі, што знаходзіліся пад яе камандай, па жалабах адзін на другога і па жалабах на іх з боку мясцовых грамадзян. Усе гэтыя ўрадовыя асобы падлягалі прыказам гаспадара. Яны не маглі праяўляць ніякай ініцыятывы ў сфэры іх ведамства.

Прыдворныя ўраднікі. Спачатку колькасьць прыдворных ураднікаў была нязначнай, але з працягам часу лік іх павялічыўся. Да іх адносяцца: маршалкі земскі і дворны, якія загадвалі прыдворным цэрэмоніялам, прыёмам гасьцей, прыяжджаўшых да гаспадара, назначалі кватэры станам сойму, прыехаўшым на сойм, публікавалі абавязковыя пастановы на месцы прабываньня гаспадара; падчашы, у веданьні якога знаходзілася пітво; чашнік, які наліваў пітво; кройчы, які разрэзваў стравы, стольнік і падстолі, якія загадвалі накрываньнем стала; кухмістар, які загадваў кухняю; канюшы — прыдворнымі стайнямі; лоўчы — паляўніцтвам; падкаморы — абсталяваньнем унутраных пакояў; ложнічы — гаспадарскай супачывальняй; мечнік, — які трымаў гаспадарскі меч у часе цэрэмоніяў; падскарбнік дворны, загадваўшы спэцыяльна гаспадарскімі даходамі.

Провінцыяльнае кіраўніцтва. У пачатку XV ст. Вялікае Літоўскае Княства дзялілася на два ваяводзтвы: Віленскае і Троцкае. Спачатку XVI ст. ваяводзтвамі пачалі называцца і паасобныя землі: Кіеўская, Полацкая, Віцебская і Смаленская. Жмудзкая і Валынская землі называліся староствамі. Ваяводзтва дзялілася на паветы і дзяржавы. У краінах-ваяводзтвах сядзелі намесьнікі, з часам ваяводы і старасты. Гэта прастаўнікі вялікакняскае ўлады На свае ўрады яны назначаліся вялікім князем, згодна адпаведным артыкулам краіннай констытуцыі. Урады былі дажывотныя. У руках адміністратараў была вышэйшая судовая ўлада. Яны зьяўляліся начальнікамі над ваеннаю сілаю краіны. Кіравалі гаспадарскімі маёнткамі, клапаціліся аб абароне краіны, раздавалі пустую землю пры ўмове, што дзяржаўцы павінны адбываць земскую службу. Прадстаўнікі ніжэйшае провінцыяльнае адміністрацыі называліся намесьнікамі, дзяржаўцамі і цівунамі. Дзяржавы раздаваліся „до волі і ласкі господарской" або „до жівота". Дзяржаўцы карміліся коштам сваіх дзяржаньняў. У іх карысьць паступалі і некаторыя судовыя падаткі.

Л). Царква і дзяржава.

Становішча праваслаўнай царквы і ўтварэньне самастойнае мітрополіі. Імкненьне Ольгэрда — ўнезалежніць праваслаўную царкву ад Масквы ў царкоўна-рэлігійных адносінах — ня збылося, дзякуючы таму што літоўска-беларускі мітрапаліт Кіпрыян заняў мітрапаліцкую катэдру ў Маскве. Залежнасьць літоўска-беларускай праваслаўнай царквы ад маскоўскага мітрапаліта пры дзяржаўнай самастойнасьці