Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У першым зборніку выступае шэры аднастайны пэйзаж; занатоуваюцца сумна-элегічныя вобразы, якія выклікаюць адпаведны настрой аўтара. Напрыклад, рысуючы адлёт жураўлёў, поэта як-бы адчувае згубу чагосьці роднага; у васеньнім дажджу чуююца яму сьлёзы; пад шум ветра ён жадае плакаць. Усё забытае, адзінокае асабліва вабіць да сябе песьняра. Жытні колас, застаўлены на ніве, адзінокая краска, прытуліўшаяся на турэмным двары, пахіліўшаяся над вадой вярбіна, пад пяром Якуба Коласа разрастаюцца ў шырокія сымболі духоўнага адзіноцтва і сіроцтва. У тон такім жалобным настроям узьнікаюць і адпаведныя сумныя малюнкі жыцьця. Мы бачым гэту бедную вёску з яе цесна зьбіўшыміся і пахіліўшыміся на бок хатамі, з яе брудам і пылам; поэта зарысоўвае нам смутныя вясковыя могілкі з іх цішынёю і супакоем; ён спыняе сваю ўвагу на малюнку вясковых хаўтур: нудны звон, жабрачая труна, аднастайнае прычытаньне дзяка—гэтыя сумныя акалічнасьці вясковых хаўтур старанна зарысоўваюцца поэтай,

Так, у першым зборніку "Песьні жальбы" пераважаюць хаўтурныя мэлёдыі смутку і меланхоліі; тут чуецца сумная песьня пакуты.

У зборніку "Водгульле", які вышаў у 1922 г., зьмешчаны вершы дарэволюцыйныя і пасьлярэволюцыйныя. У вершах ранейшых, датаваных 1910 г. і іншымі, выступаюць настроі, ужо вядомыя нам па песьнях жальбы. Але адначасна ёсьць і некаторыя далейшыя паглыбленьні і разьвіцьцё гэтых настрояў; тут выступае акрэсьленая сыстэма філëзофскага пэсымізму аўтара; бяспрадметны сум і меланхолія першага зборніка ўступаюць тут мейсца пэўным поглядам, якія, відаць, былі глыбока прадуманы і вынашаны ў душы поэты. Песьняр, як-бы робіць пераацэнку розных каштоўнасьцяй чалавечага жыцьця. Такая пераацэнка, напрыклад, дасцца ім у вершы „Раздум'е" (1910 г.). Самае каштоўнае у жыцьці чалавека, гэта мысьль, але трагедыя мысьлі ў тым заключаецца, што яна часам бясьсьледна гіне, не пакідае вынікаў; думка часам падобна хмаркам, якія зьяўляюцца і таюць на небе; падобна таму, як хмаркі

Па небе бясплодныя ходзяць,
Глухія на плач збажыны,
І мысьлі тож часта бяз сьледу праходзяць,
Таксама зьнікаюць яны.

Другая каштоўнасьць—хараство, але і яно асуджана на зьніштажэньне і бясплоднае гібеньне. Хараство падобна жыватворчаму пылу, які падымаецца над закрасаваўшым збожжам, любоўна цалуе калосьсі і потым разьвяваецца злосна падняўшымся ветрам:

У жыцьцю часьцютка ня мала гібее
Такой жыватворчай красы.

Што можа быць далей больш каштоўным, чым моладасьць, але і яна хуткабежна, яна, што лісьці на стагоднім дрэве:

. . . . . . .Раскошна галіны
У зелень убрала вясна,
І горда гамоняць яго верхавіны,
І радасьць ў тэй мове чутна.
А восень надыдзе, і лісьцік жалобна
На землю, пажоўклы, спадзе.
І моладасьць наша тым лісьцям падобна:
Як лісьце, яна адцьвіце