Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Зялёны месяц над ракой
Ўстае ў крыштальных пералівах,
І ночка сінім васільком
Схіліла твар свой сіратлівы.

Ой, ночка!.. ночка!.. над вакном
Рабіна блешча пазалотай
І устаюць жаданьні зноў
Пайсьці за рэчку, на балота.

Пайсьці і песьняй маладой
Зноў ажывіць жыцьцё дубровы,
Што гольля нізка над вадой
Схіліла ў полымі ружовым.

І дзе вясны жыцьцё цьвіло,
Дзе вецер песьні пеў ля рэчкі,
Яна разгонам шчырых слоў
Мяне прымусіла укленчыць.