Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з гэтай фантазіяй і не сцямяць, што цяпер ужо яму трэба забыць прынца і зваць сябе каралём… Я цэлых сем гадоў правёў у зняволенні, на чужыне, і нічога не чуў пра дом; але калі мой бацька яшчэ жывы, ён ахвотна прыме беднага хлопчыка і велікадушна дасць яму прытулак пад сваёй страхой дзеля мяне, таксама і мой добры старэйшы брат Артур. Мой другі брат, Г’ю… Ну, ды я разаб’ю яму галаву, калі ён уздумае ўмяшацца не ў сваю справу, гэта злая жывёла з сэрцам ліса! Так! Мы паедзем туды — і як мага хутчэй».

Увайшоў слуга, несучы гарачае блюда, паставіў яго на маленькі нефарбаваны стол, прыставіў крэслы да стала і вышаў, лічачы, што такія танныя жыхары могуць прыслужваць сабе самі. Стук дзвярэй разбудзіў хлопчыка; ён ускочыў і сеў на ложку, радасна азіраючыся навакол; але зараз-жа на твары яго з’явіўся смутак, і ён ціха прамармытаў:

«На жаль, гэта быў толькі сон! Гора мне, гора!»

Тут ён заўважыў на сябе камзол Майлса Гендона, перавёў вочы на самога Гендона, зразумеў, якую афяру той яму прынёс, і ласкава сказаў:

— Ты добры да мяне! Але, ты вельмі добры да мяне! Вазьмі свой камзол і надзень, — болей ён мне не спатрэбіцца.

Затым ён устаў, падышоў да ўмывальніка, што быў у куту, і спыніўся, чагосьці чакаючы. Гендон весела сказаў:

— Якая ў нас цудоўная вячэра! Мы зараз паядзім, як мае быць, бо ежа гарачая і смачная, і ад яе ідзе пара. Не бойся: сон і ежа хутка зробяць цябе зноў чалавекам.

Хлопчык нічога не адказаў, але паглядзеў на высокага рыцара пільна і сур’ёзна, са здзіўленнем і нават некаторай нецярплівасцю. Гендон здзіўлена спытаў:

— Чаго нехапае табе?

— Добры сэр, я хацеў-бы памыцца…

— Толькі гэта? Ты можаш рабіць тут, што захочаш, не пытаючы дазволу ў Майлса Гендона. Будзь як дома, не саромся, калі ласка.

Але хлопчык усё-такі не рухаўся з месца і нават разы са два тупнуў маленькай нецярплівай нагой. Гендон быў зусім азадачаны.

— Што з табою? Скажы на ласку.

— Калі ласка, — налі мне вады і не гавары столькі лішніх слоў.

Гендон ледзь было не зарагатаў, але стрымаўся і сказаў сабе: «Клянуся ўсімі святымі, гэта надзвычайна цікава!» і па-

70