Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і гэта відовішча здаваліся цудам, невыказна раскошным і дзіўным. Але на яго юных прыяцелек, сядзеўшых побач з ім, на прынцэсу Елізавету і лэдзі Джэн Грэй, гэта не рабіла ніякага ўражання.

Дабраўшыся да Даугэта, флатылія паплыла ўверх, завярнула ў Бэклерсберы па празрыстай вадзе Уолбрука (рэчышча якога вось ужо два стагоддзі як засыпана і пахавана пад вялікай колькасцю будынкаў), міма ярка асветленых дамоў і мастоў, усеяных натоўпам вясёлых зявак, і нарэшце спынілася ў басейне, дзе цяпер знаходзіцца прыстань, у самым цэнтры даўняга лонданскага Сіці. Том вышаў на бераг са сваёю бліскучаю світай, абмінуў Чыпсайд і пасля кароткага пераходу па Старой Джуры і па вуліцы Бэзінгхол дабраўся да ратушы.

Том і яго спадарожніцы былі сустрэты з належнай цэрамоніяй лорд-мэрам і айцамі горада ў парадных пурпуровых мантыях і з залатымі ланцугамі на шыі; іх павялі праз вялікую залу да каралеўскіх месц, якія змяшчаліся пад раскошным балдахінам; наперадзе іх ішлі герольды, якія абвяшчалі аб іх прыбыцці і неслі гарадскі жэзл і меч. Лорды і лэдзі, назначаныя для таго, каб прыслужваць Тому, і двум прынцэсам, сталі ў іх за крэсламі.

За другім сталом, крыху ніжэй, сядзелі царадворцы і іншыя знатныя госці разам з магнатамі Сіці; члены палаты абшчын размясціліся за асобнымі столікамі, расстаўленымі ў вялікай колькасці ў другой частцы залы. Гіганцкія статуі Гога і Магога[1] — даўніх вартаўнікоў горада — раўнадушна глядзелі з вышыні сваіх п’едэсталаў на гэта звычайнае для іх відовішча. Многа забытых пакаленняў змянілася на іх вачах. Затрубілі трубы, герольд абвясціў пачатак абеда, і ў высокай арцы левай сцяны з’явіўся тоўсты дварэцкі, за якім слугі з паважнай урачыстасцю неслі сапраўдны каралеўскі ростбіф, гарачы, пахучы, чакаючы нажа.

Пасля малітвы Том (яго навучылі загадзя) устаў — а за ім і ўсе прысутныя — і адпіў з вялізнай залатой «чашы дружбы», потым перадаў яе прынцэсе Елізавеце, тая, у сваю чаргу, лэдзі Джэн; а затым чаша абышла ўсю залу. Так пачаўся банкет.

А поўначы, калі банкет быў у поўным разгары, публіку пачаставалі адным з тых жывапісных відовішчаў, якімі так захапляліся нашы продкі. Апісанне яго да гэтай пары захавалася ў расказе аднаго сведкі-гісторыка:


  1. Легендарныя волаты ў казках англійскага народа, а раней — біблейскіх казках.

60