— Зірні-ка, — звярнуўся да яе Джон Кэнці, — тут у нас ідзе такая камедыя, аж любата. Толькі ты пачакай, не ўмешвайся, пакуль не нацешымся ўсмак, а потым ужо бі яго, колькі хочаш. Ідзі сюды, малы! Ну-ка, паўтары свае дурацкія словы, калі яшчэ не забыў іх! Як цябе завуць? Ты хто такі?
Ад крыўды кроў зноў прыхлынула к шчакам юнага прынца, і ён паглядзеў Джону прама ў твар пільным, гнеўным позіркам.
— Ты грубіян! — сказаў ён. — Ты не смееш загадваць мне. Паўтараю табе тое, што казаў: я Эдуард, прынц Уэльскі.
Старая ведзьма была так ашаломлена гэтым адказам, што ногі яе зусім прыклеіліся да падлогі; у яе нават духі захапіла. З дурным выглядам утаропілася старая на прынца, і гэта здалося яе бяздушнаму сыну такім забаўным, што ён аж зарагатаў.
Але на маці і сясцёр Тома Кэнці словы прынца зрабілі зусім іншае ўражанне: за мінуту перад тым яны баяліся, што бацька паб’е няшчаснага, цяпер-жа гэтая трывога замянілася другою. З горам і жахам яны падбеглі да прынца і загаласілі ўсе разам:
— О, бедны Том! Бедны хлопчык!
Маці ўпала на калені перад прынцам, палажыла рукі яму на плечы і скрозь слёзы з тугою глядзела яму ў вочы, гаворачы:
— Бедны ты мой хлопчык! Твае дурныя кніжкі зрабілі нарэшце сваю нядобрую справу і ўзялі ў цябе твой розум. Ах, навошта ты так зачытваўся імі? Колькі разоў я перасцерагала цябе! Ты разбіў маё матчына сэрца.
Прынц паглядзеў ёй у твар і ласкава сказаў:
— Твой сын здаровы і не траціў розуму, добрая жанчына! Супакойся! Адпусці мяне ў палац, дзе ён знаходзіцца цяпер, і кароль, мой аўгусцейшы бацька, верне табе яго зараз-жа.
— Кароль — твой бацька! О, дзіця маё! Упрашаю цябе, не паўтарай гэтых слоў, якія пагражаюць табе смерцю і ўсім тваім блізкім — пагібеллю. Страсані з сябе гэты пагубны сон! Памяць твая заблыталася, вярні яе на правільны шлях! Паглядзі на мяне! Хіба я не твая маці, якая радзіла цябе і любіць цябе?
Прынц паматаў галавой і неахвотна адказаў:
— Богу вядома, як мне цяжка засмучаць цябе, але-ж, сапраўды, я ніколі не бачыў твайго твара.
Жанчына зноў села на падлогу і загаласіла на ўсю хату.