дзіны. Ён з цікавасцю і глыбокай дапытлівасцю разглядаў сваю сурветку, таму што тканіна яе была тонкая і прыгожая, і нарэшце прастадушна сказаў:
— Калі ласка, вазьміце яе прэч, каб я незнарок не запэцкаў яе.
Наследны падвязвальнік сурветкі без ніякіх супярэчанняў пачціва ўзяў яе прэч.
Том з цікавасцю разглядаў рэпу і салату, а потым спытаў, што гэта такое і ці можна гэта есці, бо рэпу і салату толькі нядаўна спынілі прывозіць з Галандыі, як асаблівы ласунак, і пачалі вырошчваць у Англіі[1]. На яго запытанне адказалі сур’ёзна і пачціва, не паказаўшы ні малейшага здзіўлення. Скончыўшы дэсерт, ён напхаў сабе кішэні арэхамі; ніхто не здзіўляўся такому ўчынку, і ўсе зрабілі выгляд, што не заўважылі гэтага.
Затое сам Том адчуў, што зрабіў нядобрае, і засароміўся, бо ў часе ўсяго абеда гэта было першае, што яму дазволілі зрабіць уласнымі рукамі, і ён не сумняваўся, што зрабіў нешта вельмі непрыстойнае, не належнае каралеўскаму сыну. У гэту хвіліну мускулы яго носа пачалі торгацца. Кончык носа зморшчыўся і задраўся ўгару. Гэта становішча зацягвалася, і трывога Тома расла. Ён з мальбою глядзеў то на аднаго, то на другога з лордаў світы; нават слёзы выступілі ў яго на вачах.
- ↑ Да канца царствавання Генрыха VIII у Англіі не садзілі ні салаты, ні морквы, ні рэпы, ні іншай гародніны. Уся гародніна прывозілася з Галандыі і Фландрыі і лічылася незвычайнай раскошаю. Калі каралеве Екацерыне хацелася пад’есці салаты, яна была вымушана пасылаць за ёю спецыяльнага пасланца ў Галандыю. (Юм, Гісторыя Англіі, т. III, стар. 314).