А, гэта ўжо не жарт! Якія тут жарты! Смех адразу сцішыўся і замест весялосці з’явілася злосць. Дзесяць галасоў закрычала:
— Бяры яго! Валачы яго ў сажалку! Дзе сабакі? Леў, сюды! Сюды, Клыкасты!
Затым паследавала сцэна, якой ніколі яшчэ не бачыла Англія: плебеі паднялі руку на свяшчэнную асобу наследніка і парашылі зацкаваць яго сабакамі, якія ледзь не разарвалі яго.
К надыходу ночы прынц апынуўся ў самай заселенай частцы горада. Цела яго было ў сіняках, рукі ў крыві, лахманы запырсканы гразёю. Ён бадзяўся раз’юшаны па вуліцах, усё больш і больш не ўсведамляючы, дзе ён знаходзіцца, — змораны і слабы, ледзьве валочачы ногі. Ён ужо перастаў задаваць пытанні прахожым, бо тыя, замест адказу, лаялі яго. Ён мармытаў сам сабе:
«Двор аб’едкаў! Калі толькі ў мяне хопіць сілы дацягнуцца туды, перш чым я звалюся, — я выратаваны. Яго радня адвядзе мяне ў палац, дакажа, што я не належу да іхняй сям’і, што я — сапраўдны прынц, і зноў я стану, чым быў».
Час ад часу ён успамінаў, як яго пакрыўдзілі хлопчыкі з Хрыстова манастыра, і казаў сабе:
«Калі я зраблюся каралём, яны атрымаюць ад мяне не толькі ежу і прытулак, але будуць вучыцца па кнігах, бо сыты жывот мала варты, калі і розум галадае і сэрца. Трэба гэта добра запомніць, каб урок, атрыманы мною сёння, не прапаў дарма. Веды змякчаюць сэрца, выхоўваюць літасць і далікатнасць».
Агні пачалі мігаць, пайшоў дождж, узняўся вецер, надышла халодная, бурная ноч. Бяздомны прынц, беспрытульны наследнік англійскага трона, ішоў усё далей і далей, паглыбляючыся ў лабірынты брудных вуліц, дзе кішэлі вуллі беднасці і гора.
Раптам нейкі п’яны вялізнага росту груба схапіў яго за каўнер.
— Зноў прашвэндаўся да такога позняга часу, а дахаты не прынёс ніводнага меднага фартынга! Ну, глядзі, калі ты без грошай! Я паламаю ўсе твае нікчэмныя косці, каб я не быў Джон Кэнці!
Прынц вырваўся з рук п’яніцы, мімаволі выціраючы плячо, апаганенае яго дакрананнем, і горача сказаў:
— О, ты яго бацька? Слава добраму небу! Адвядзі мяне ў бацькаўскі дом, а яго выведзі адтуль!