Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пры гэтым яны гікалі, свісталі, мяўкалі, рагаталі.

— Давайце яго сюды, мы яго карануем!

— Мантыю яму!

— Скіпетр яму!

— На трон яго!

Усе гэтыя ўскрыкі і дваццаць іншых пасыпаліся разам, і не паспеў няшчасны хлопчык перавесці дух, як яго каранавалі бляшанай каструляй, захінулі яго, як у мантыю, у парваную коўдру, пасадзілі, як на трон, на бочку і далі ў руку, замест скіпетра, паяльную трубу лудзільшчыка. Потым усе кінуліся перад ім на калені з насмешлівым лямантам і пачалі галасіць, нібы выціраючы слёзы рванымі, бруднымі рукавамі і фартукамі.

— Злітуйся над намі, о саладзейшы кароль!

— Не тапчы нагамі тваіх нікчэмных чарвякоў, о благародны манарх!

— Пашкадуй тваіх рабоў і суцеш іх штуршком каралеўскай нагі!

— Прыласкай і прыгрэй нас праменнямі тваёй міласці, о палючае сонца на троне!

— Асвяці зямлю дакрананнем тваёй нагі, каб мы маглі з’есці гэтую гразь і зрабіцца благароднымі!

— Зрабі ласку, плюнь на нас, о гасудар, і дзеці дзяцей нашых будуць шчаслівыя і з гонарам будуць успамінаць тваю царскую ласку!

Але над усімі ўзяў верх лудзільшчык, вынаходца новага тытула. Ён падпоўз на каленях і зрабіў выгляд, што цалуе нагу караля; той з абурэннем адштурхнуў яго нагой; тады ён стаў падыходзіць да кожнага па чарзе і прасіць трапку, каб завязаць тое месца на твары, да якога дакранулася каралеўская ножка, кажучы, што пасля такога гонару гэтае месца трэба берагчы ад грубага ўплыву паветра і што цяпер ён разбагацее, усюды паказваючы яго па сто шылінгаў за адзін раз. Лудзільшчык здаваўся такім дасціпным, штё ўсе захапляліся ім і зайздросцілі яму.

Вочы маленькага манарха былі поўныя слёз ад сораму і гневу.

«Каб я іх цяжка пакрыўдзіў, яны не маглі-б быць са мной больш лютымі; а я-ж абяцаў ім міласць, — і вось як яны падзякавалі мне!»