Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзе-ж ён?

У адказ пачуўся насмешлівы рогат. Кароль раз’юшыўся, ухапіў палена і хацеў кінуцца на ворага, але ў гэту хвіліну над самым яго вухам зарагатаў нехта з другога боку. То быў кульгавы брадзяга, што ішоў за імі ўслед. Кароль павярнуўся да яго і сярдзіта спытаў:

— Хто ты такі? Чаго табе трэба тут?

— Кінь гэтыя жарты і годзе бушаваць! — сказаў брадзяга. — Не так ужо добра я змяніў свой выгляд, каб ты не мог пазнаць свайго роднага бацьку.

— Ты не бацька мне… Я цябе не ведаю… Я кароль… Калі ты схаваў майго слугу, знайдзі і аддай яго мне, а то горка раскаешся.

Джон Кэнці адказаў суровым, мерным голасам:

— Я бачу, што ты вар’ят, і мне няма ахвоты караць цябе; але калі ты прымусіш мяне, я цябе пакараю… Тут твая балбатня не пагражае небяспекай, бо тут няма каму цябе слухаць, няма каму крыўдзіцца на твае вар’яцкія словы; але ўсё-ж табе належыць трымаць язык за зубамі, каб не пашкодзіць нам на новых месцах, там, дзе мы будзем жыць. Я забіў чалавека і не магу аставацца дома, і цябе не пакіну, бо мне патрэбна твая дапамога. З мудрай перасцярогі я змяніў сваё імя, — цяпер мяне завуць, Джон Гобс, а цябе — Джэк, запомні гэта раз назаўсёды! Цяпер кажы: дзе твая маці, дзе сёстры? Яны не прышлі на дагаворанае месца, вядома табе, дзе яны?

Кароль панура адказаў:

— Не лезь да мяне са сваімі загадкамі! Мая маці памерла, мае сёстры ў палацы.

Малады чалавек збіраўся зноў зарагатаць; абражаны кароль ледзь было не кінуўся на яго з кулакамі, але Кэнці, або Гобс, як ён цяпер называў сябе, стрымаў свайго спадарожніка:

— Цішэй, Гуго, не дражні яго: ён не ў сваім розуме, а ты яшчэ больш яго раздражняеш. Сядай, Джэк, і супакойся; зараз я дам табе есці.

Гобс і Гуго пачалі ціха нешта гаварыць паміж сабой, а кароль, каб унікнуць гэтай непрыемнай кампаніі, адышоў у самы далёкі кут гумна. Тут быў змрок, і падлога была на цэлы фут пакрыта саломай. Не маючы коўдры, каб накрыцца, кароль зарыўся ў салому і аддаўся сваім думкам. У яго было многа пры-