Старонка:Прынц і жабрак (1928).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тое, што пачуваў ты, калі грубы салдат… Слухай, ці ня сіняк гэта ў цябе на руцэ?

— Так, але гэта нічога, а вашая сьветласьць ведае, што бедны вартаўнік…

— Маўчы! Гэта быў сорамны й жорсткі паступак, — сказаў маленькі прынц, тупнуўшы босаю нагою. — Калі-б кароль… Ні шагу адсюль, пакуль я не вярнуся… Прыказваю табе!

У мігненьне вока ён схапіў і схаваў нейкую рэч дзяржаўнае важнасьці, ляжаўшую на стале, і, выскачыўшы з дзьвярэй, пусьціўся бегчы цераз парк; яго лахманы лапацелі, твар разгарэўся і вочы блішчалі. Дабегшы да брамы, ён схапіўся за краты і, прабуючы патрасьці іх, закрычаў:

— Адчыняй! Адамкні браму!

Салдат, скрыўдзіўшы Тома, бесьпярэчна слухаў, і калі прынц, заходзячыся ад гневу, ступіў у браму, салдат заляпіў яму па патыліцы, ад чаго ён кумельганам пакаціўся па дарозе.

— Вось табе, жабрацкі зносак, — сказаў ён, — за тое, што мне праз цябе ўляцела ад яго высокасьці!

Натаўп зарагатаў. Прынц падняўся з лужы і злосна крыкнуў на вартаўніка:

— Я прынц Уэльскі, мая асоба сьвятарна; ты будзеш павешаны за тое, што падняў руку на мяне!

Салдат аддаў чэсьць алебардаю і насьмешліва адказаў:

— Добрага здароўя, ваша высокасьць!

Пасьля дадаў злосна:

— Выбірайся, звар’яцелы абарванец!

Тут рагатаўшы натаўп абступіў беднага маленькага прынца і пагнаў яго далёка па дарозе з піскам і крыкам:

— Дарогу яго каралеўскай высокасьці. Ачысьціць дарогу прынцу Уэльскаму!