Старонка:Прынц і жабрак (1928).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзіўная, надта дзіўная думка! Даруй, калі ласка, я й ня думаю сьмяяцца з цябе. Хутка добрыя Нан і Бэт будуць мець даволі вопратак і слугаў; але, вельмі хутка: мой скарбнік паклапаціцца аб гэтым… Не, ня дзякуй мне… гэта драбяза… Ты добра гаворыш, лёгка і плаўна. Адукованы ты?

— Ня ведаю, сэр. Добры сьвяшчэньнік, айцец Андр’ю, з літасьці, вучыў мяне.

— Палаціне ўмееш?

— Крышачку, сэр.

— Вучыся лаціны: толькі спачатку цяжка. Грэцкая мова цяжэйшая; але для лэді Ажбеты й мае кузыны, здаецца, што ні гэтыя мовы, ні іншыя ня цяжкія. Паслухаў-бы ты іх. Аднак-жа, раскажы мне што-нібудзь пра твой Офаль-Корт. Як табе там жывецца?

— Праўду кажучы, няблага, сэр, апрача тых выпадкаў, калі бываеш галодным. Там паказваюцца выпускныя лялькі, малпы… і розныя цацачкі, і ўсе яны гэтак хораша апранены!.. Ладзяцца прадстаўленьні, ў якіх дзейныя марыянэткі з крыкам кідаюцца адна на адну і бьюцца датуль, пакуль адна старана ня будзе пераможана, — гэткая прыгожая сцэна, і каштуе ўсяго толькі фарсінг… Праўда, вашая сьветласьць, вельмі цяжка дастаецца гэты фарсінг.

— Расказвай далей.

— Іншы раз хлопчыкі Офаль-Корту ладзяць палачныя бітвы, падобна да падмайстроў.

— Вось-жа і я не адмовіўся-б. Пасьля?

— Мы бегаем навыперадкі, каб ведаць, хто з нас хіжэйшы.

— І я хацеў-бы. Ну, далей!

— Улетку мы перабрыдаем каналы, плаваем у іх або ў рацэ; кожны стараецца страмянуць у ваду свайго суседа, альбо абпырскаць яго… даем нурца, гамонім, куляемся і…