Старонка:Прынц і жабрак (1928).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

крайняга жабрацтва падходзіў, у сваім рызьзі, да прынца бязьмежнае сытасьці.

Адварды Цюдор прамовіў:

— Ты глядзіш змучаным і галодным — табе блага жывецца… Хадзі за мною.

Некалькі слугаў кінуліся наперад — мусі дзеля таго, кабы адхіліць прынца ад яго замеру. Але, па адным шчыра каралеўскім руху рукі, яны шарахнуліся назад і спыніліся нярухома, як статуі. Адварды прывёў Тома ў багаты апартамэнт у палацы — у свой кабінэт. Па яго загаду было падана сьнеданьне, гэткае сьнеданьне, якое Тому прыходзілася смакаваць хіба толькі ў кнігах. Прынц, з прыстойным яму добрым выхаваньнем і далікатнасьцю, выдаліў слугаў, каб яны не перашкаджалі яго гасьцю; затым ён сеў бліжэй каля Тома і, ў той самы час, як той еў, пачаў распытвацца ў яго:

— Як завуць цябе, хлопчык?

— Том Канці, сьмею далажыць.

— Дзіўнае імя. А дзе ты жывеш?

— У старой часьці места, сэр, у Офаль-Корце, за Пудынг-Лэнам.

— Офаль-Корт! Вось ізноў дзіўны назоў. Ёсьць у цябе бацькі?

— Бацькі ёсьць у мяне, сэр, ёсьць і бабка, але праўду кажучы, ня вельмі ўжо й люблю я яе — даруй мне, Божа, калі грэх гэтак казаць — ёсьць і сёстры, блізьняткі — Нан і Бэт.

— Значыцца, твая бабка не асабліва добрая да цябе?

— І да нікога наагул, вашая сьветласьць. У яе сэрца ліхое, яна праз усё жыцьцё толькі няпрыемнасьці рабіла ўсім.

— Крыўдзіць яна цябе?

— Толькі калі-не-калі — як яна сьпіць ці зусім п’яная, дык рука яе не паднімаецца на мяне; а як прачыхаецца, дык ізноў пачынаюцца пабоі.