а на рагу Кракаўскай вуліцы зьбілі нейкага бурша ў корпоранцкай шапачцы, які закрычэў Швэйку:
— Geil! Nider mit den serben! (Ура! Прэч сэрбаў!)
На рагу Вадзічкавай вуліцы конная паліцыя, парой падасьпеўшы разагнала натоўп. Калі Швэйк давёў прыставу — ясна, як дзень, што павінен сёньня зьявіцца ў прыймовую камісію, той троху расчараваўся і, каб унікнуць скандалу, загадаў двум конным паліцыянтам праводзіць каламажку са Швэйкам да Стралецкае выспы.
Аб усім, што адбылося, у „Праскай офіцыйнай газэце“ быў зьмешчаны наступны артыкул:
„КАЛЕКА-ПАТРЫЁТ“
„Учора ўдзень хто праходзіў па галоўных праскіх вуліцах быў сьведкаю наступнае сцэны, якая красамоўна гаворыць пра тое, што ў гэты вялікі і сур‘ёзны момант сыны нашага народу здольны даць бліскучыя прыклады вернасьці і адданасьці трону нашага шаноўнага ўладара. Нібы вярнулася слаўная пара грэкаў і рымлян, калі Муцы Сцэвола пашоў у бой, не зважаючы на свае спаленыя рукі. Найглыбейшыя пачуцьці выклікаў адзін калека, старая маці якога везла ў каламажцы для хворых на зборны пункт. Гэты добраахвотнік, сын чэскага народу, не зважаючы на сваю немач, прасіўся на вайну, каб аддаць там жыцьцё і здабытак за свайго імпэратара.
І тое, што ягоны заклік „Уперад на Белград“ сустрэў такі водгук на праскіх вуліцах, сьведчыць аб тым, што жыхары Прагі даюць высокія ўзоры шчырай адданасьці бацькаўшчыне і царствуючаму дому“.
На той-жа капыл пісаў і „Прагер Тагеблят“, у якім артыкул канчаўся словамі:
„Калеку-дабраахвотніка праводзіў натоўп немцаў, які аховаў яго сваім целам ад зьбіваньня чэскімі агентамі“.
„Богэмія“ перадрукавала гэту заметку, вымагаючы, каб калеку-патрыёта ўзнагародзілі, і зьмясьціла абвесткі, што ў рэдакцыі прымаюцца падарункі на карысьць невядомага героя.
Тым часам, як гэтыя тры газэты сышліся на аднэй думцы, што чэская зямля не магла даць больш сумленнага грамадзяніна, паны ў прыймовай камісіі гэтай думкі не падзялялі.
Асабліва старэйшы вайсковы доктар Баутцэ. Гэта быў няўмольны чалавек, які бачыў ува ўсім жульніцкія спробы