у апошні раз ад пана аканома з Брна[1], шэсьцьдзесят крон у задатак за ангорскую кошку, пра якую вы далі абвестку ў газэце „Нацыянальная політыка“ і замест якой вы паслалі ў скрынцы з-пад фінікаў сьляпога шчанюка фокстэр‘ера. Потым яны загаманілі са мною дужа ласкава і нараілі мне ў кватаранты, каб мне аднэй боязна ня было, гэтага швэйцара з начной кавярні, што вы вытурылі.
— Ну й набраўся я клопату ад гэтае паліцыі, пані Мюлер, — уздыхнуў Швэйк. — Вось неўзабаве ўбачыце, колькі іх сюды прывалачэцца за сабакамі.
Ня ведаю ці расшыфравалі тыя, хто пасьля перавароту праглядалі паліцэйскі архіў, таемныя адзнакі: СБ — 40 к., ФТ — 50 к., П — 80 к. і гэтак далей, але яны, бязумоўна, памыляліся, калі думалі, што СБ, ФТ і П азначаюць ініцыялы нейкіх асоб, якія за 40, 50 і 80 крон прадавалі чэскі народ чорна-жоўтаму арлу[2].
СБ азчачае сэн-бэрнар, ФТ — фокстэр‘ер, а П — пудзель. Усіх гэтых сабак Брэтшнэйдэр прывёў ад Швэйка у паліцэйскую ўправу.
Гэта былі нясусьветныя страшыдлы, якія ня мелі анічога супольнага ні з аднэй з тых чыстакроўных парод, за прадстаўнікоў якіх Швэйк выдаваў іх Брэтшнэйдэру. Сэн-бэрнар быў мяшанец нячыстакроўнага пудзеля з дварняком; фокстэр‘ер, які меў вушы таксы, быў увелькі з ваўкарэза, а ногі ў яго былі выгнутыя, быццам з рахіту; пудзель мордай нагадваў аўчарку, у яго быў адцяты хвост, рост, як у таксы, і голы, як у павіяна, азадак.
Заходзіў да Швэйка і сам шпэг Калёус[3]... і вярнуўся з тыповай пачварынай, што нагадвала плямістую гіену, з грывай шатландзкай аўчаркі. А ў артыкуле сакрэтнага фонду зьявілася новая адзнака: Д — 90 к.
Гэтая пачварына мела ўдаваць з сябе дога.