Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ляцяць адзін за адным, і ім ніякі дзяржаўны пракурор не паможа“... Потым гэтаму дабрадзею ня было чым заплаціць за піва, і шынкар мусіў паклікаць паліцыю, а дабрадзей даў шынкару поўху, а паліцыянту дзьве. Дык яго павезьлі ў кашы, каб ахамяніўся[1]... Так, пані Мюлер, чаго ня робіцца цяперашнім часам! Яшчэ значыць адна страта для Аўстрыі. Як я быў на вайсковай службе, адзін салдат неяк застрэліў быў капітана. Набіў стрэльбу ды пашоў у канцылярыю. Там яму сказалі, што яму няма чаго тут рабіць, а ён усё цягнуў на сваё, што ён мусіць гутарыць з панам капітанам. Капітан вышаў ды ўляпіў яму нарад і месяц без пабыўкі, а ён узяў стрэльбу і — бах яму ў самае сэрца! Куля прабіла пана капітана наскрозь, ды яшчэ ў канцылярыі бяды нарабіла: разьбіла бутэльку з атрамантам, і заліла службовыя паперы.

— А што сталася з тым салдатам? — запытала праз хвіліну пані Мюлер, калі Швэйк ужо апранаўся.

— Засіліўся на шлейках, — адказаў Швэйк, адчышчаючы свой капялюш. — А шлейкі былі не ягоныя, ён пазычыў іх у астрожнага вартаўніка. У яго, бач, порткі скідаюцца. А што-ж яму — чакаць пакуль яго расстрэляць? Ясна, пані Мюлер, у такой прыгодзе хоць у каго дык галаву заверне. Астрожнага вартаўніка і ссадзілі з пасады і ўляпілі яму шэсьць месяцаў, але ён іх ня высядзеў, уцёк у Швэйцарыю і цяпер там чытае казаньні ў нейкай царкве... Цяперашнім сьветам мала сумленных людзей, пані Мюлер. Як на мяне, дык эрцгэрцаг Фэрдынанд у гэтым самым Сараеве памыліўся у тым чалавеку, што яго застрэліў. Убачыў, мабыць, дабрадзея і падумаў: „Пэўна, сумленны чалавек, раз мяне вітае“. А дабрадзей тым часам і лупсянуў у яго. Адну ці больш усадзіў?

— Газэты, паночку, пішуць, што эрцгэрцаг быў як рэшата. Той выпусьціў у яго ўсе кулі.

— Няма чаго казаць, спрытна працуюць, пані Мюлер, дужа спрытна. Я дык-бы на гэтую справу купіў браўнінг, — на цацку падобны, а з яго можна папастраляць дваццаць эрцгэрцагаў, хоць худых, хоць тоўстых. Адылі, ня ўрокам сказаць, пані

  1. У Праге перад вайной паліцыянты вазілі п‘яных у ручных каламажках.