РАЗЬДЗЕЛ І
ЯК УДАЛЫ ВАЯКА ШВЭЙК УБІЎСЯ Ў СУСЬВЕТНУЮ ВАЙНУ
— А Фэрдынанда-ж нашага забілі, — сказала Швэйку яго чалядніца.
Колькі год таму назад, калі мэдыцынская камісія вызнала Швэйка за ідыёта, ён пашоў з вайсковае службы і цяпер перабіваўся гандлем паршывымі дварнякамі, якіх выдаваў за патомкаў самага шляхецкага роду. У цяперашні момант ён заняты быў тым, што шмураваў свае калены оподэльдокам — у яго быў раматус.
— Якога Фэрдынанда, пані Мюлер? — зацікавіўся Швэйк, ня кідаючы масаваць калены. — Я знаю двух Фэрдынандаў. Адзін служыць у фармацэўта Прушы і выпіў у яго неяк раз у памылцы мазь на выросьліваньне валасоў. А яшчэ я знаю Фэрдынанда Какошку, таго, што зьбірае сабачыя каўцюхі[1]. Абодвых ані ня шкода.
— Ды не, паночку, эрцгэрцага Фэрдынанда, таго, што жыў у Канопішчы[2], таго таўстога, набожнага...
— Езус, Марыя, — закрычаў Швэйк. — Вось табе й маеш!.. А дзе-ж гэта пану эрцгэрцогу прысьпела?
— Кажуць, дзеўбанулі яго ў Сараеве. З рэвольвэру. Ёхаў ён там са сваёю эрцгэрцагіняй у аўтомобілі...
— Бач, як яно, пані Мюлер, у аўтомобілі... Ведама, гэткі пан можа параскашавацца... А, пэўна, і не падумаў, што такія аўтомобільныя падарожжы могуць дрэнна скончыцца. Ды яшчэ