Хто ня ўмее аддаваць чэсьці, або аддае нібы ня бачыць начальства, або аддае чэсьць нядбала, той у маіх вачох горш за жывёлу“.
— Пане паручнік! — сказаў палкоўнік Краус. — Малодшыя афіцэры павінны аддаваць чэсьць старэйшым. Гэта не скасавана. А па-другое, ад якой гэта пары ўвайшло ў паноў афіцэраў у звычай хадзіць на шпацыр з крадзенымі сабакамі? Так-с, з крадзенымі! Сабака, што належыць другому, ёсьць крадзеная.
— Гэты сабака, пане палкоўнік… — паспрабаваў быў пярэчыць паручнік Лукаш.
— … належыць мне, пане паручнік, — груба перапыніў яго палкоўнік. — Гэта мой Люкс.
А Люкс ці Макс успомніў свайго старога гаспадара. Выкінуў з сэрца новага і, вырваўся, скакаў на палкоўніка, выяўляючы такую радасьць, да якой здатны хіба толькі гімназіст шостае клясы, што знайшоў узаемнасьць у свайго ідэала.
— Гуляньне з крадзенымі сабакамі, пане паручнік, ніяк не адпавядае гонару афіцэра. Вы гэта ня ведалі? Афіцэр ня мае права купляць сабаку, не пераканаўшыся загадзя, што купляе някрадзеную! — грымеў палкоўнік Краус, гладзячы Люкса-Макса, які з подласьці пачаў гурчэць на паручніка і шчэрыць зубы, нібы палкоўнік яго нацкаваў.
— Пане паручнік, — казаў палкоўнік, — ці ўважаеце вы за магчымае для сябе — езьдзіць на крадзеным кані? Ці прачыталі вы маю абвестку ў „Богеміі“ і „Тагбляце“, што ў мяне згінуў пінчэр? Вы ня чытаеце абвестак, якія ваш начальнік дае ў газэты?
Палкоўнік пляснуў рукамі.
— Ну і моладзь! Ну і афіцэры! Дзе дысцыпліна? Палкоўнік дае абвесткі, а паручнік іх ня чытае!
„Добра-б было даць табе разы са два ў пысу, старая падла!“ — падумаў паручнік, гледзячы на палкоўнікавы бакі, што надавалі яму падобства да орангутанга.
— Пройдзем са мной хвілінку, — сказаў палкоўнік, і яны пайшлі, вядучы далей лагодную гутарку.