— Туркі трымаюцца надзвычайна добра, — адказаў паручнік, падводзячы яго зноў да стала. — Старшыня турэцкага парляманту Галі-Бэй і Алі-Бэй прыехалі ў Вену. За камандуючага турэцкай дарданэльскай арміяй назначаны маршал Ліман фон-Сандэрс. Гольц-паша прыехаў з Константынопалю ў Бэрлін. Наш імпэратар узнагарадзіў ордэнамі Энвэр-пашу, віцэ-адмірала Уседом-пашу і генэрала Джэвад-пашу. Параўнаўча многа нагарод за гэткі кароткі час.
Нейкі час усе сядзелі моўчкі адзін супроць аднаго, пакуль паручнік ня ўлічыў за патрэбнае перарваць цяжкое маўчаньне словамі:
— Калі прыехалі, пане Вэндлер?
— Сёньня ўраньні.
— Я вельмі рады, што вы мяне засьпелі дома, бо я заўсёды па абедзе іду ў кашары і застаюся там на ўсю ноч. У мяне начная служба. Дзеля таго, што кватэра ўласна цэлы дзень пустая, я меў магчымасьць запрапанаваць madame скромную гасьціннасьць на час быцьця яе ў Празе. Ніхто яе тут ня турбуе. Дзеля старога знаёмства…
Гандляр хмелем кашлянуў.
— Кэці дзіўная жанчына, пане паручнік. Дазвольце шчыра падзякаваць вам за ўсё, што вы для яе зрабілі. Ні з таго ні з сяго ўздумалася ёй ехаць у Прагу лячыцца ад нэрваў. Я быў выехаўшы, прыяжджаю дамоў — дома нікога. Кэці няма…
Стараючыся зрабіць найпрыемнейшы твар, ён пагразіў пальцам і, крыва ўсьміхаючыся, запытаў яе:
— Ты, відаць, думала, што калі я паехаў па справах, дык і ты можаш паехаць з дому. Ты, вядома, і не падумала…
Заўважыўшы, што гутарка бярэ непажаданы кірунак, паручнік Лукаш зноў адвёў інтэлігентнага гандляра хмелем да карты ваенных дзеяньняў і, паказваючы на падкрэсьленыя мясьціны, сказаў:
— Я забыўся зьвярнуць вашу ўвагу на адну вельмі цікавую акалічнасьць, а менавіта на гэтую вялікую, абернутую да паўднёвага захаду дугу, дзе купа гор утварае натуральнае ўмацаваньне. Сюды накірованы наступ саюзьнікаў. Адцягнуўшы гэтую дарогу, што зьвязвае ўмацаваньне з лініяй абароны ў ня-