Аднаго разу, скарыстаўшы адсутнасьць госьці, якая пашла на праходку, паручнік Лукаш вёў ваенную нараду з Швэйкам як-бы ад яе пазбавіцца.
— Найлепш было-б, пане обэр-лейтэнант, — сказаў Швэйк, каб яе муж, ад якога яна зьбегла і які яе шукае, як вы казалі, было ў тым лісьце, што я вам перадаў, даведаўся, што яна знаходзіцца ў нас, і што ён можа забраць яе з сабой. На дачы ў Вшэнорах[1] быў летась гэткі самы выпадак. Але тады тэлеграму мужу адбіла сама жонка, а муж прыехаў і надаваў па хары абаім. Але тыя былі абодвы цывільныя, а ў гэтым выпадку з афіцэрам ён так не адважыцца. Ды зрэшты вы ані ў чым не вінаваты, нікога вы да сябе не запрашалі, і калі яна зьбегла, дык зрабіла гэта на свой страх. Пабачыце, тэлеграма нам будзе ў добрай прыгодзе. Калі нават муж і дасьць разы са два…
— Ён вельмі інтэлігентны чалавек, — перапыніў Швэйка паручнік Лукаш, — я яго знаю. У яго гуртавы гандаль хмелем. Ня іначай, як трэба з ім пагутарыць. Тэлеграму я адаб‘ю.
Тэлеграма, якую адбіў Лукаш, была па-комэрцыйнаму ляконічная:
„Адрас вашае дружыны ў цяперашні час“… і падаваўся паручнікаў адрас.
Такім чынам, у адзін шчасьлівы дзень мадам Кэці вельмі прыкра ўразілася, як у кватэру ўрынуўся гуртовы гандляр хмелем. Ён удаў з сябе далікатнага і руплівага мужа, калі Кэці, ані не здэтанаваўшыся, пазнаёміла іх аднаго з адным.
— Мой муж… Пан паручнік Лукаш.
Нічога іншага ёй ня ўзышло на розум.
— Сядайце, калі ласка, пан Вэндлер, — ветла прапанаваў паручнік гасьцю, падстаўляючы яму крэсла, і, выняўшы партабак, падаў яго гандляру хмелем: — Маеце ахвоту?
Інтэлігентны гандляр хмелем узяў сабе дзеля далікатнасьці цыгарку і, пускаючы дым, асьцярожна запытаў:
— Хутка едзеце на позыцыю, пане паручнік?
- ↑ Дачная мясцовасьць пад Прагай.