— А знойдзеце пана паручніка?
— Ня ведаю.
Яны ішлі моўчкі поплеч, пакуль праз ладны кавалак часу Швэйкава спадарожніца не загаманіла зноў.
— Ды вы думаеце, што пана паручніка ня знойдзеце?
— Гэтага я ня думаю.
— А дзе, думаеце, ён можа быць?
— Гэтага я ня ведаю.
На гэтым гутарка была на доўгі час перарвана, пакуль зноў не аднавілася запытаньнем дамачкі:
— Вы ня згубілі ліста?
— Пакуль што не.
— Дык вы напэўна перадасьцё яго пану паручніку?
— Так.
— А знойдзеце вы яго?
— Я ўжо сказаў, што ня ведаю, — адказаў Швэйк. — Гэта проста дзіва, якія могуць быць цікавыя людзі, што скрозь пытаюцца пра адно тое самае. Гэта ўсёроўна, што я-б спыняў на вуліцы кожнага сустрэчнага і пытаўся-б, якое сёньня чысло.
На гэтым скончыліся ўсе спробы дамовіцца са Швэйкам і далейшая дарога прайшла ў поўным маўчаньні. Ля кашар Швэйк прапанаваў дамачцы пачакаць, а сам уплёўся ў гутарку пра вайну з салдатамі, што стаялі ля варот. Гутарка гэта мела даваць даме надзвычайную асалоду, мяркуючы па тым, што яна нэрвова хадзіла па тротуару і хваравіта крывіла твар, бачачы, як Швэйк выкладае стан справы на фронце з такім дурным выразам твару, які можна было бачыць хіба яшчэ толькі на аднэй фотографіі, апублікаванай у той час у „Хроніцы сусьветнай вайны“: „Насьледнік аўстрыйскага трону гутарыць з двума лётнікамі, што падстрэлілі рускі аэроплян“. Швэйк сеў на лавачку пад варотамі і апавядаў, што на Карпацкім фронце наступ нашага войска праваліўся, але затое комэндант Перамышля генэрал Кусманэк прыбыў у Кіеў. Апроч таго ў нас засталося адзінаццаць апорных пунктаў у Сэрбіі і сэбры доўга ня ўтрываюць гнацца за нашымі. Потым ён