Аддаўшы загады, што да канаркі і ангорскага ката, ён пашоў, не прамінуўшы яшчэ раз у дзьвярох кінуць колькі слоў пра сумленнасьць і парадак.
Як ён пашоў, Швэйк зрабіў ува ўсёй кватэры найлепшы парадак, і калі паручнік Лукаш прышоў уначы дахаты, Швэйк з поўным правам мог адрапартаваць.
— Дазвольце далажыць, пане паручнік, усё як мае быць адно вось кот нарабіў шкоды — зжор вашу канарку.
— Як?! — загрымеў паручнік.
— Дазвольце далажыць, пане паручнік, гэткім манерам. Я ведаў даўно, што каты канарак ня любяць і задзіраюць іх. Ды я надумаў бліжэй іх пазнаёміць і, калі часам гэтая бэстыя састроіць якую штуку, даць яму такога чосу, каб да самае сьмерці помніў, як трэба паводзіць сябе ў адчосінах да канаркі. Надта ўжо я люблю жывёлу. У нас у доме капялюшовы майстра адукаваў гэтак свайго ката. Спачатку ён зжор у яго трох канарак, а цяпер ніводнае ўжо на жарэ, і канарка можа на яго хоць і садзіцца. Я хацеў таксама паспрабаваць, выцягнуў канарку з клеткі і даў яе кату панюхаць, а кот, сукін сын, ня ўправіўся я ахамянуцца, адкусіў канарцы галаву. Я ніяк не чакаў ад яго гэткага хамства! Каб гэта быў, пане паручнік, скажам так, верабей, дык я б яшчэ нічога не сказаў, а то-ж гэта была такая выдатная канарка, гарцкая... Ды з якой яшчэ прагавітасьцю зжор, разам з пер‘ем, і нават муркаў ад здаволеньня. Яны, каты, наогул ніякае, кажуць, зычнае адукацыі ня маюць і ня зносяць, калі пяе канарка, бо нічагутка ў гэтым, бэстыі, не разумеюць. Я ката як мае быць палаяў, але, барані божа, пальцам яго не крануў, а чакаў вас, як вы гэтую справу разважыце, што рабіць з гэтай паршывай пачварай.
Гаворачы гэта, Шээйк так простадушна глядзеў паручніку ў твар, што той, падступіўшы ўжо да яго з пэўным жорсткім замерам, адышоўся, сеў на крэсла і запытаў:
— Слухайце, Швэйк, што вы сапраўды такі ёлуп?
— Так точна, пане паручнік, — урачыста адказаў Швэйк. — З малых дзён мне не шанцуе. Я заўсёды хочу наладзіць справу, каб усё вышла на добрае, і ніколі нічога з гэтага ня