Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лаяўся па-мацеры. Яго мардавала думка, што ў паліцэйскай управе ў яго прападзе кораб з таварам[1].

Другі госьць быў шынкар Палівец, які, убачыўшы свайго знаёмага — Швэйка, узбудзіў яго і трагічным голасам крыкнуў:

— Авохці — мне! І я ўжо тут!

Швэйк сардэчна паціснуў яму руку і сказаў:

— Вельмі прыемна. Я ведаў, што той пан спраўдзіць сваё слова, раз абяцаў зайсьці па вас. Спраўнасьць — перад усім.

Пан Палівец, наадварот, заявіў, што гэткая спраўнасьць гною варта, і ціха запытаўся ў Швэйка, ці не зладзеі ўсе іншыя арыштанты, бо яму гэта можа пашкодзіць, як комэрсанту.

Швэйк растлумачыў яму, што ўсё, апроч аднаго, якога пасадзілі за забойства дзеля рабунку, сядзяць праз эрцгэрцага.

Палівец пакрыўдзіўся і заявіў, што ён тут не праз нейкага ёлупа эрцгэрцага, а праз самага гаспадара імпэратара. І таму, што ўсе зацікавіліся гэтым, ён расказаў ім пра тое, як мухі запаскудзілі гаспадара імпэратара.

— Завэдзгалі мне яго, бэсьціі, — скончыў ён апісаньне свае прыгоды, — і зрэшты давялі мяне да турмы. Я гэтага мухам так не дарую! — дадаў ён з пагрозаю.

Швэйк зноў заваліўся спаць, але спаў нядоўга, бо яго выклікалі на допыт.

Узьнімаючыся па сходах трэцяга аддзяленьня, Швэйк пакорліва, не наракаючы, нёс сваю вялікую пакуту. Прачытаўшы надпіс: „Пляваць на сходах забаронена“, Швэйк папытаў дазволу ў вартаўніка плюнуць у плявальніцу і, зьзяючы сваёй прастатой, уступіў у канцылярыю са словамі:

— Добры вечар, панове, усім наогул і кожнаму паасобку.

Замест адказу нехта даў яму пад уздухі і падштурхнуў да стала, за якім сядзеў пан з халодным чыноўніцкім тварам, які паказваў зьвярыную лютасьць, быццам ён толькі-толькі зьлез са старонкі кнігі Лёмброзо „Тыпы злачынцаў“.

Ён крыважэрна зірнуў на Швэйка і сказаў:

— Ня прыкідвайцеся ідыётам.

  1. Босьнійцы ў Чэхіі ходзяць з карабамі і прадаюць разную дробязь — складаныя нажы, партабакі ды інш.