мейце на ўвазе... э-э... што сёньня... э-э... серада, бо... э-э... заўтра будзе чацьвер“.
Паручнік Лукаш паціснуў плячмі, не знаходзячы слоў, і засігаў ад дзьвярэй да вакна паўз Швэйка. Швэйк рабіў „раўнаньні направа“ і „раўнаньні налева“, у залежнасаці ад таго, дзе быў паручнік, з такім бязьвінным выглядам, што паручніку стала ніякава. Ён утупіў вочы і, гледзячы на дыван, сказаў без аніякае сувязі са Швэйкавымі заўвагамі пра дурнога капітана:
— Та-ак!.. У мяне, каб усё было ў парадку і чыстаце, і не маніць! Ненавіджу ману і буду за яе караць бяз літасьці. Я люблю сумленнасьць. Разумееце?
— Дазвольце далажыць, пане паручнік, вельмі разумею. Няма нічога горай за таго, калі чалавек хлусіць. Калі ўжо пачаў плесьці, дык ведай, што чалавек прапашчы... Быў у нас на вёсцы настаўнік, прозьвішчам Марэк. Гэты настаўнік зьнюхаўся з дачкой лясьніка Шпэры. Лясьнік наказаў яму, што калі ён будзе сустракацца ў лесе з ягонаю дачкой, дык ён, лясьнік, абы толькі натрапіў на яго, усыпе яму са стрэльбы ў азадак набой нарэзанае шчаціны з сольлю. А настаўнік пераказаў лясьніку, што гэта — няпраўда, што з ягонаю дачкой ён не сустракаецца. Але вось аднаго разу, як чакаў ён сваю паненку ў лесе, лясьнік спасьцігнуў яго і хацеў быў ужо прарабіць над ім гэтую самую опэрацыю, ды настаўнік адбрахаўся, што, бачыце, ён адно кветкі зьбірае. Калі ўдругое злавілі яго, ён сказаў лясьніку, што ловіць жучкоў на колекцыю і гэтак забрэхваўся што далей, то болей. Канцы з канцамі, калі лясьнік злавіў яго зноў у лесе, настаўнік да таго захлусіўся, што зачаў клясьціся: я, бач, хацеў адно сілкі на зайца расставіць. Тут лясьнік згроб галубка і даставіў жандармам, а адтуль справа пайшла ў суд, і настаўнік ледзьве ня трапіў у турму за браконьерства. А хай-бы сказаў раней чыстую праўду, дык усяго па ўсім дастаў-бы порцыю шчаціны з сольлю ў азадак. Я трымаю той погляд, што найлепей шчыра павініцца і калі ўжо нарабіў чаго, дык прысьці ды сказаць: так і так, дазвольце далажыць, нарабіў таго і таго. А што да сумленнасьці, дык гэта, вядома, рэч цудоўная, а ёй чалавек