за свайго імпэратара, калі ён верыць у бога і повен рэлігійных пачуцьцяў. Толькі тады ён не баіцца сьмерці, бо ведае, што яго чакае рай.
Гэтая лапатуха яшчэ ці мала несла розную лухту, і відаць было, што яна мае замер доўга яшчэ не пакідаць фэльдкурата. Фэльдкурат без асаблівае далікатнасьці адвітаўся.
— Едзем дамоў, Швэйк, — крыкнуў ён у калавурку.
Едучы назад, яны ўжо ніякага форсу не задавалі.
— У наступны раз хай едзе саборваць хто-хоця, — сказаў фэльдкурат. — Чалавеку прыходзіцца таргавацца за кожную душу, якую ён хоча ратаваць. Бюрократы! Паскуднікі!
Угледзеўшы ў Швэйка ў руках пляшачку з „сьвянцовым алеем“, ён насупіўся:
— Лепш за ўсё, Швэйк, памажце гэтым алеем боты і сабе і мне.
— Я яшчэ паспрабую памазаць гэтым замок у дзьвярох, а то ён дужа рыпіць, калі вы ўначы прыходзіце дахаты.
Так скончылася, не пачынаўшыся, саборваньне.
РАЗЬДЗЕЛ XIV
ШВЭЙК ЗА ДЗЯНШЧЫКА Ў ПАРУЧНІКА ЛУКАША
Швэйкавае шчасьце трывала нядоўга. Жорсткі лёс перацяў ягоную дружбу з фэльдкуратам. Калі да гэтай пары чытач меў фэльдкурата за асобу сымпатычную, дык ніжэйпаказаны яго ўчынак зрывае з яго гэтую маску.
Фэльдкурат прадаў Швэйка паручніку Лукашу ці, правільней сказаўшы, прайграў яго ў карты, як калісьці прайгравалі ў Расіі прыгоньнікаў.
Вышла гэта цалкам выпадкова. У паручніка Лукаша сышлася неяк цёплая кампанія. Ігралі ў „дваццаць адно“. Фэльдкурат прайграўся ўшчэнт і заявіў:
— Панове! Дасьцё мне пад майго дзяншчыка? Страшэнны ёлуп, але фігура найпацешная, нешта non plus ultra[1]. Кладу галаву, што гэткага дзяншчыка ні ў якога з вас ня было.
- ↑ Непаўторнае.